Пошук

Vatican News
Лагатып 50-годдзя Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы Лагатып 50-годдзя Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы 

Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы адзначае 50-годдзе

Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) адзначае 50-годдзе. 25 сакавіка 1971 г. статуты структуры былі ўхвалены ad experimentum Кангрэгацыяй па справах біскупаў, а пазней зацверджаны св. Паўлам VI.

У віншавальным пасланні з нагоды юбілею кіраўніцтва Рады нагадала, што яе мэта заключаецца ў спрыянні сустрэчы паміж епіскапатамі, знаёмству, абмену досведам, абноўленаму абвяшчэнню Хрыста і душпастырству. У цяперашні гістарычны момант намаганні структуры канцэнтруюцца на каардынацыі намаганняў біскупскіх канферэнцый у пераадоленні наступстваў пандэміі, на дыялогу паміж рэлігіямі, як аснове для будавання братэрскага свету, і абароне навакольнага асяроддзя.

Святочныя мерапрыемствы пройдуць з удзелам Святога Айца ў Рыме ў верасні 2021 г., у рамках пленарнага пасяджэння CCEE.

У Раду ўваходзяць 33 нацыянальныя епіскапаты і іерархі з краін, дзе няма такіх аб’яднанняў: арцыбіскупы Люксембурга і Манака, біскупы з Малдовы і Эстоніі, мараніцкі архіепіскап Кіпра і грэка-каталіцкі епіскап з Мукачава. Структура прадстаўлена ў 45-ці краінах Еўропы.

На працягу паўвекавой гісторыі Рады яе старшынямі былі сем іерархаў: з 1971 па 1979 гг. – французскі кардынал Ражэ Эчэгерай; з 1979 па 1986 гг. – англійскі кардынал Базіль Х’юм; з 1986 па 1993 гг. – італьянскі кардынал Карла Марыя Марціні; з 1993 па 2001 гг. – чэшскі кардынал Міраслаў Влк; з 2001 па 2006 гг. – швейцарскі кардынал Амедэ Краб; з 2006 па 2016 гг. – венгерскі кардынал Пэтэр Эрдо; з 2016 г. структуру ўзначальвае італьянскі кардынал Анджэла Баньяска.
 

25 сакавіка 2021, 10:51