Пошук

Кардынал Пэтэр Эрдо з Францішкам Кардынал Пэтэр Эрдо з Францішкам 

Будапешт: спадзяванне на больш шырокую праграму візіту Папы

У Венгрыі пануе радасць з прычыны анансаванага візіту Францішка ў Будапешт. У той жа час ёсць надзея, што праграма візіту будзе больш шырокая і ўключыць не толькі св. Імшу Эўхарыстычнага кангрэса.

Кардынал Пэтэр Эрдо ў размове з Vatican News выказаў надзею, што Святы Айцец сустрэнецца з вернікамі і важнымі членамі грамадства. Напрыклад, як дадаў Прымас Венгрыі, прадстаўнікі яўрэйскай супольнасці таксама выказалі жаданне прывітаць Папу.

Пра свой намер здзейсніць візіт у Будапешт Пантыфік паведаміў 8 сакавіка 2021 г. на сустрэчы з журналістамі на борце самалёта падчас вяртання з Ірака. Ён тады падкрэсліў, што гэта не будзе працяглы афіцыйны візіт, а толькі цэлебрацыя св. Імшы на заканчэнне кангрэса 12 верасня 2021 г.

У канцылярыі прэм'ер-міністра Венгрыі выказалі надзею, што ў Будапешце Папа сустрэнецца таксама з Прэзідэнтам Янасам Адлерам і прэм’ер-міністрам Віктарам Орбанам.

У мінулыя дзесяцігоддзі папскія візіты на Міжнародныя Эўрыстычныя кангрэсы, якія арганізоўваюцца раз на чатыры гады з 1881 г., былі хутчэй выключэннем. Апошні раз св. Ян Павел ІІ асабіста прысутнічаў на кангрэсе ў Вроцлаве ў 1997 г., а таксама ў 2000 г., калі форум праходзіў у Рыме.

5-12 верасня 2021 г. Будапешт у другі раз будзе гаспадаром Міжнароднага Эўхарыстычнага кангрэса, упершыню ён тут ладзіўся ў 1938 г.

Галоўная ж мэта гэтай важнай для ўсяго Касцёла падзеі – паглыбленне разумення і пашаны да сакрамэнту Эўхарыстыі ў Касцёле.

Правядзенне кангрэса было запланавана на 2020 г., але з прычыны пандэміі форум быў адкладзены. Як заўважыў кардынал Эрдо, каронавірус можа скарэкціраваць запланаваныя падзеі і ў гэтым годзе. Іерарх дадаў, што многія падзеі рэлігійнай і культурнай праграмы кангрэса будуць трансліравацца ў інтэрнэце. Анлайн пройдзе Эўхарыстычная адарацыя.

“Спадзяёмся, што нам удасца сабраць сапраўды вялікую колькасць удзельнікаў. Аднак, мы гатовыя да кожнага варыянту ў сувязі з больш строгімі абмежаваннямі”, - адзначыў Прымас Венгрыі.

Так ці інакш, “асабістая прысутнасць Папы азначае, што мы будзем цэлебраваць Эўхарыстыю разам з паўсюдным Касцёлам”, сцвердзіў кардынал Эрдо з надзеяй, што чаканне візіту Пантыфіка ўзмоцніць таксама міжчалавечыя сувязі ў час пандэміі ды ажывіць надзею.
 

20 сакавіка 2021, 10:55