Пошук

Марта і Марыя, фрэска мазаіка аўтарства кс. Марка Івана Рупніка Марта і Марыя, фрэска мазаіка аўтарства кс. Марка Івана Рупніка 

Успамін святых Марты, Марыі і Лазара ўнесены ў Рымскі каляндар

Паводле рашэння Францішка, літургічны ўспамін святых Марты, Марыі і Лазара будзе адзначацца штогод 29 ліпеня. Таксама ў Агульны рымскі каляндар былі ўнесены неабавязковыя ўспаміны трох Дактароў Касцёла.

Дэкрэт Кангрэгацыі Божага культу падкрэслівае важнае евангельскае сведчанне брата і сясцёр, якія прынялі Езуса, слухалі Яго і верылі ва ўваскрасенне і жыццё. Да гэтага часу ў Календары існаваў толькі ўспамін св. Марты.

“У доме ў Бэтаніі Пан Езус адчуў сямейны дух і сяброўства Марты, Марыі і Лазара, і таму Евангелле паводле Яна сцвярджае, што ён іх любіў. Марта шчодра прапанавала Яму гасціннасць, Марыя паслухмяна прымала Яго словы, і Лазар хутка выйшаў з магілы па загадзе Таго, Хто прынізіў смерць”, - гаворыцца ў Дэкрэце.

У тэксце тлумачыцца, што “традыцыйная няўпэўненасць Лацінскага Касцёла” адносна асобы Марыі была развеяна нядаўнімі даследаваннямі і фактам таго, што Рымскі мартыралог змяшчае ўспамін Марыі і Лазара ў той самы дзень. Акрамя таго, успамін Марты, Марыі і Лазара спатыкаецца ў некаторых мясцовых календарах.

Да дэкрэта далучаюцца літургічныя тэксты, перакладам якіх зоймуцца мясцовыя біскупскія канферэнцыі.

Таксама 2 лютага 2021 г. Папа загадаў уключыць у Агульны рымскі каляндар неабавязковыя ўспаміны трох Дактароў Касцёла: святога Грыгорыя Нарэцкага (27 лютага), святога Яна Авільскага (10 мая) і святой Хільдэгарды Бінгенскай (17 верасня). Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў апублікавала адпаведны дэкрэт.
 

02 лютага 2021, 12:28