Пошук

Касцёл Звеставання ў Дубліне. Ілюстрацыйнае фота Касцёл Звеставання ў Дубліне. Ілюстрацыйнае фота 

Новы арцыбіскуп Дубліна: нам патрэбна добрая літургія

Касцёл у Ірландыі сутыкаецца з місіянерскай трансфармацыяй, - лічыць новы арцыбіскуп Дубліна Дэрмат Фарэл. Ён прызнаў, што яго Радзіма перажывае цяжкія часы з прычыны пандэміі.

Касцёл хоча быць побач з тымі, хто пакутуе і памірае ў нашы дні, але часта не можа. Наведванне дамоў забаронена, нельга праводзіць набажэнстваў з удзелам людзей.

Размаўляючы з Vatican News аб прыярытэтах свайго пастырскага служэння, арцыбіскуп Фарэл у першую чаргу звярнуў увагу на евангелізацыю і абнаўленне парафій, каб яны маглі стаць месцам, дзе чалавек адчуе жывую веру.

“Важна, каб людзі, якія прыходзяць у касцёл, маглі там сустрэць добра арганізаваную літургію. Літургія валодае фарміруючай сілай. Яна фарміруе людзей. Добрая літургія часам можа зрабіць значна больш, чым добрая размова. (...) Я ведаю гэта па працы ў парафіі. Так адбываецца, напрыклад, калі людзі вяртаюцца ў касцёл пасля нейкай трагічнай падзеі, смерці маладога чалавека, калі кагосьці аплакваюць. Літургія мае сілу правесці людзей праз гэтыя цяжкія хвіліны роспачы і смутку. Але, вядома, нам патрэбны і новыя пакліканні, бо для цэлебрацыі сакрамэнтаў, для Эўхарыстыі, споведзі, сакрамэнту хворых, патрэбен святар”, - адзначыў арцыбіскуп Фарэл.
 

07 лютага 2021, 09:49