Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

COMECE: заканадаўства ЕС не прадугледжвае права на аборт

Біскупы з краін Еўрапейскага саюза звярнулі ўвагу на факт адсутнасці права на аборт у заканадаўстве ЕС, выказалі занепакоенасць пагрозай для права на свабоду сумлення і нападамі на храмы ў Польшчы.

Арцыбіскуп Жан-Клод Олерыш і члены Пастаяннага камітэту Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) скіравалі ліст да Давіда Марыі Сасолі, старшыні Еўрапейскага парламента. Іерархі выказалі занепакоенасць некаторымі аспектамі Рэзалюцыі Еўрапейскага парламента ад 26 лістапада 2021 г., якая тычыцца прававой сітуацыі з абортамі ў Польшчы.

Біскупы нагадалі артыкул 5.2 Дамовы аб Еўрапейскім Саюзе, які ўдакладняе, што “Саюз дзейнічае толькі ў межах кампетэнцыі, якую далі яму ў Дамовах дзяржавы-члены для дасягнення мэт, устаноўленых гэтымі Дамовамі. Любая кампетэнцыя, якая не была дадзена Саюзу ў Дамовах, належыць дзяржавам-членам”.

COMECE выказала занепакоенасць тым фактам, што Рэзалюцыя ставіць пад пытанне фундаментальнае права медыкаў адмовіцца ад выканання аборту па матывах сумлення, якое вынікае са свабоды сумлення. Біскупы заўважылі, што ў шматлікіх выпадках гэтыя асобы падвяргаюцца дыскрымінацыі.

“З прававога пункту гледжання мы хацелі б падкрэсліць, што ні заканадаўства Еўрапейскага Саюза, ні Еўрапейская канвенцыя правоў чалавека не прадугледжваюць права на аборт”

, - напісалі прадстаўнікі епіскапатаў краін ЕС.

У лісце гаворыцца пра вялікія намаганні Каталіцкага Касцёла, накіраваныя на клопат пра жанчын, якія апынуліся ў складанай сітуацыі ці сутыкнуліся з незапланаванай цяжарнасцю. Біскупы нагадалі вучэнне Касцёла адносна чалавечага жыцця: “Кожная асоба паклікана Богам да жыцця і патрабуе абароны, асабліва тады, калі яна найбольш безабаронная”. Пра важнасць абароны і клопату пра дзіця, перад і пасля нараджэння, кажуць многія міжнародныя дамовы, напрыклад Канвенцыя ААН аб правах дзіцяці, - нагадалі каталіцкія іерархі.

Біскупы COMECE выказалі здзіўленне, што з боку Еўрапейскага парламента не з’явілася асуджэння нападаў на касцёлы і іншыя месцы культу ў Польшчы, якія мелі месца падчас пратэстаў, звязаных з апублікаваннем рашэння Канстытуцыйнага суда.
 

25 лютага 2021, 11:17