Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

COMECE прапануе правесці Еўрапейскі Сінод

Кардынал Жан-Клод Олерыш прапанаваў правесці Еўрапейскі Сінод, які збярэ біскупаў кантынента для дыскусіі на злабадзённыя тэмы.

Па словах арцыбіскупа Люксембурга і Старшыні Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE), гаворка ідзе не пра спецыяльная асамблею Сінода Біскупаў (на тэму Еўропы іх было дзве - у 1991 і 1999 гг.), а хутчэй пра дыскусійную пляцоўку для біскупаў кантынента.

У інтэрв’ю нямецкаму парталу katolisch.de іерарх выказаўся на тэму супярэчлівай ініцыятывы Касцёла ў Германіі пад назвай “Сінадальны шлях”. Ён не даў ацэнкі сутнасці дыскусіі, падкрэсліўшы, што не мае намеру ўмешвацца. Аднак заўважыў, што гэта можа стаць добрай мадэллю для магчымага Еўрапейскага Сінода.

На думку кардынала Олерыша, асамблея неабходная для замацавання адкрытасці і праніклівасці, неабходных Касцёлу ў Еўропе, каб лепш разумець сваіх вернікаў і не адарвацца ад рэальнасці.

Іерарх усведамляе, што Еўрапейскі Сінод будзе цяжкім, у тым ліку з прычыны розных душпастырскіх мадэляў мясцовых Касцёлаў. Але ў любым выпадку абмен проста неабходны, - лічыць ён.

Сінод павінен адкрыць дыскусію на тэмы, адносна якіх у паасобных краінах існуе розны пункт гледжання, напрыклад, міграцыя, якую “некаторыя разглядаюць у якасці пагрозы”. Старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці лічыць таксама, што асамблея павінна разгледзець пытанне большага залучэння жанчын у касцёльныя структуры.
 

04 лютага 2021, 11:07