Пошук

Францішкане ля касцёла св. Яна Хрысціцеля ў Каср-эль-Яхудзе Францішкане ля касцёла св. Яна Хрысціцеля ў Каср-эль-Яхудзе 

Святая Зямля: месца хросту Езуса зноў даступна для вернікаў

У нядзелю Хросту Пана францішкане з Кустодыі Святой Зямлі змогуць зноў цэлебраваць св. Імшу на заходнім беразе ракі Ярдан – у тым месцы, дзе Езус быў ахрышчаны св. Янам Хрысціцелем.

Гаворка ідзе пра мясцовасць Каср-эль-Яхуд. Тут знаходзіцца старажытны касцёл і францішканскі кляштар. Доступ да іх быў закрыты пасля Шасцідзённай вайны паміж Ізраілем, з аднаго боку, і Егіптам, Сірыяй, Іарданіяй, Іракам і Алжырам з другога. У выніку канфлікту тэрыторыя адышла Ізраілю.

У 1967 г. плошча ў 55 гектараў была замініравана, а потым ператворана ў вайсковую зону. Наведванне гэтага месца пілігрымамі і турыстамі было забаронена.

Першыя змены пачалі адбывацца ў 2000 г., пасля таго як з нагоды візіту ў Святую Зямлю Яна Паўла ІІ быў адкрыты невялікі праход, але ненадоўга: у сувязі з пачаткам Другой інтыфады 2000-2005 г. хрысціянская святыня зноў стала недасяжнай.

На працягу некалькіх апошніх гадоў, у выніку дамоўленасці паміж ізраільскімі і палестынскімі ўладамі, на тэрыторыі Каср-эль-Яхуд праходзілася размініраванне. Спецыялісты з брытанскай гуманітарнай арганізацыі “Halo Trust” вынялі ў зямлі каля 4 тыс. мін. Тры месяцы таму францішкане зноў змаглі вярнуцца ў свой кляштар.

Урачыстасць Хросту Пана, якая будзе адзначацца 10 студзеня 2021 г., павінна стаць “гістарычнай датай”, бо ўпершыню пасля 54-х гадоў тут пройдуць літургічныя цэлебрацыі, хоць яны не будуць шматлюднымі па прычыне пандэміі. Урачыстую св. Імшу ўзначаліць айцец Франчэска Патан, кусташ Святой Зямлі. Будуць прысутнічаць мясцовыя францішкане, Апостальскі нунцый у Іерусаліме, дыпламатычныя прадстаўнікі Італіі, Іспаніі, Бельгіі і Францыі. Пасля літургія адбудзецца пілігрымка да берагу Ярдану, дзе быў ахрышчаны Езуса. Такім чынам тэрыторыя, якая на працягу многіх гадоў была мінным полем зноў стане месцам малітвы і міру.
 

09 студзеня 2021, 13:54