Пошук

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з епіскапатам Ірану ў 2018 г. Папа падчас сустрэчы з епіскапатам Ірану ў 2018 г. 

Пантыфік зрабіў змены ў касцёльных структурах у Іране

Францішак змяніў назву Ісфаганскай архідыяцэзіі лацінскага абраду ў Іране на Тэгеранска-Ісфаганскую і прызначыў яе арцыбіскупам айца Дамініка Мацьё з Правінцыйнай кустодыі Усходу і Святой Зямлі.

Арцыбіскуп-элект нарадзіўся ў 1963 г. у Бельгіі. Пасля заканчэння школы ўступіў у Ордэн Меншых Братоў Канвентуальных. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1989 г. Душпастырскае служэнне выконваў у Бельгіі і Ліване. У 2013 г. быў інкардынаваны ў Правінцыйную кустодыю Усходу і Святой Зямлі.

Тэгеранска-Ісфаганская архідыяцэзія ахоплівае ўсю тэрыторыю Ірана. Сядзіба арцыбіскупа знаходзіцца ў Тэгеране. Катэдрай з’яўляецца касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Валадаркі супакою, які месціцца на тэрыторыі італьянскага пасольства ў Тэгеране.

Першымі каталіцкімі місіянерамі на тэрыторыі сучаснага Ірана былі дамінікане і францішкане, якіх у 1246 г. накіраваў у Манголію папа Інакенцій IV. У 1318 г. на поўначы Персіі яны заснавалі архідыяцэзію Салтанія, якая спыніла існаванне ў 1380 г. пасля наступлення войскаў Тамерлана.

Новая місія распачалася ў 1602 г. у складзе пасольства іспанскага караля Філіпа ІІІ. 16 кастрычніка 1629 г. Святы Пасад заснаваў Ісфаганскую дыяцэзію для католікаў лацінскага абраду. 1 ліпеня 1910 г. яна была ўзнесена да рангу архідыяцэзіі.

Паводле афіцыйных дадзеных колькасць католікаў лацінскага абраду ў Іране складае каля 2 тыс. чалавек. Душпастырскай дзейнасцю займаюцца тры святары. Ёсць тры парафіі. Таксама тут існуюць каталіцкія структуры халдэйскага і армянскага абрадаў.
 

09 студзеня 2021, 11:28