Пошук

Vatican News
Лагатып Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне Лагатып Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне 

Наследаваць Панну Марыю: прадстаўлены гімн СДМ-2023

Браць прыклад з Марыі, служыць бліжнім, несці Евангелле ў свет, каб змяняць яго, - заклікае гімн 34-х Сусветных дзён моладзі, прадстаўлены 27 студзеня 2021 г. у Лісабоне.

Музычны твор Há Pressa no Ar спасылаецца на тэму каталіцкага моладзевага форума: “Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну” (Лк 1, 39). Яго аўтарамі з’яўляюцца кс. Жуан Паўлу Вас і Пэдру Фэрэйра з дыяцэзіі Каімбра, у цэнтральнай частцы Партугаліі.

Спеў быў выбраны прафесійным журы падчас конкурсу, на які было даслана больш за 100 кампазіцый. Творы павінны былі адлюстроўваць тэму, выбраную Папам для лісабонскай сустрэчы, мэты Сусветных дзён, у першую чаргу евангелізацыйную, а таксама партугальскую культуру.

Кампазіцыя была запісана ў дзвюх версіях: арыгінальнай – на партугальскай мове, і міжнароднай – на англійскай, іспанскай, французскай і італьянскай. З цягам часу з’явяцца варыянты гімну на іншых мовах.

“Гаворка ідзе пра радасны заклік да моладзі з усяго свету працягваць пілігрымку веры праз Сусветныя дні моладзі і маліцца разам у чаканні наступнай сустрэчы са Святым Айцом. Гімн форума – гэта не проста інструмент прасоўвання падзеі, але ў першую чаргу малітва, якая ў перакладзе на розныя мовы загучыць у мясцовых Касцёлах”, - гаворыцца ў адмысловай заяве Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

Сусветныя дні моладзі, ініцыяваныя св. Янам Паўлам II, пройдуць у Лісабоне ў жніўні 2023 г. Першапачаткова іх планавалася правесці летам 2022 г., але ўсё перанеслі на год з прычыны пандэміі COVID-19.
 

28 студзеня 2021, 10:46