Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Італія: экуменічны ліст да Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян

Упершыню прадстаўнікі Цэркваў Італіі выпусцілі сумесны “Экуменічны ліст” да Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, які пройдзе 18-25 студзеня.

Яго падпісалі біскуп Амброджа Спрэафіка, Старшыня камісіі па экуменізме і міжрэлігійным дыялогу італьянскай біскупскай канферэнцыі, новы праваслаўны Мітрапаліт Італіі Палікарп (Стаўропулас) і пастар Лука Марыя Нэгры, Старшыня Федэрацыі Евангельскіх Цэркваў у Італіі.

Спасылаючыся на бягучую пандэмію, аўтары выказалі перакананне, што пасля яе заканчэння ўсё будзе не так, як раней. “Мы марым і хочам, каб усё стала лепш, чым раней, таму што свет усё яшчэ занадта закрануты гвалтам і несправядлівасцю, пыхай і абыякавасцю”, - напісалі яны.

Прадстаўнікі трох канфесій падзякавалі тым, хто не паддаўся страху і, падтрыманы прысутнасцю Бога, працягнуў руку дапамогі іншым людзям, быў побач з тымі, хто меў патрэбу ў ежы, сяброўстве і блізкасці. “Нашы Цэрквы і супольнасці знайшлі адзінства ў сведчанні любові, што з’яўляецца найвялікшай каштоўнасцю”, - гаворыцца ў лісце.

Аўтары запэўнілі ў малітве за хворых, тых, хто іх лечыць, састарэлых, бежанцаў і “ўсіх, хто пакутуе ў гэты час”, і запрасілі хрысціян маліцца, каб “Пан вылечыў чалавецтва ад зла і пандэміі, несправядлівасці і гвалту і даў адзінства”.
 

16 студзеня 2021, 12:22