Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Іракскі Патрыярх: візіт Папы будзе мець духоўнае значэнне

Іракскія хрысціяне горача моляцца аб заканчэнні пандэміі і магчымасці рэалізацыі Святым Айцом візіту ў іх краіну, - падкрэсліў кардынал Луіс Рафаэль Сако.

Патрыярх Халдэйскага Вавілона і арцыбіскуп Багдадскі заўважыў, што Касцёл у Іраку чакае ад Папы паслання суцяшэння, надзеі і міру. Ён звярнуў увагу на тое, што ў сувязі з нядаўнім тэрактам у сталіцы сярод насельніцтва пашыраецца смутак і хваляванне.

Кардынал заўважыў, што ахвярамі тэрарыстычнага нападу ў Багдадзе сталі простыя і бедныя людзі. На жаль, тэракт меў палітычную мэту і з’яўляецца пасланнем мясцовым уладам і новаму Прэзідэнту ЗША. У адказ на яго ў краіне былі ўмацаваны меры бяспекі.

Іерарх распавёў, што абвясціў у Касцёле ў Іраку трохдзённы пост у інтэнцыі “уваскрасення Нінівы” па аналогіі з постам, які трымалі жыхары гэтай старажытнай мясцовасці пасля закліку прарока Ёны і на ўспамін пра цудоўную падзею, якая мела месца ў VIII ст., калі пасля трохдзённага посту хрысціян у Месапатаміі спынілася эпідэмія чумы.

“Мы каемся за нашы грахі, молімся аб вызваленні ад каронавіруса, разважаем над сэнсам нашага жыцця, імкнёмся выконваць нашы абавязкі перад братамі і сёстрамі, выражаем нашу салідарнасць з хворымі і беспрацоўнымі, працягваючы ім руку дапамогі”, - патлумачыў ён сэнс ініцыятывы.

Гаворачы пра падрыхтоўку да візіту Францішка, іерарх звярнуў увагу на актыўнае супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўладамі, бо “гэта будзе надзвычайная падзея для ўсіх”.

“Папа прыбудзе, каб сказаць нам: хопіць войнаў, хопіць насілля, шукайце міру, братэрства і бараніце чалавечую годнасць. На маю думку, Ён прынясе нам дзве рэчы: суцяшэнне і надзею, у якіх дагэтуль нам было адмоўлена. Такім чынам, я лічу, што візіт будзе насіць пераважна духоўны характар, дзе фальклорнае і святочнае вымярэнне не будуць самымі важнымі. Гэта было б стратай сапраўднага сэнсу візіту. Падзея вельмі важная для нас, хрысціян, але ў Іраку ўсе чакаюць гэтай сустрэчы, таксама і мусульмане, прадстаўнікі іншых рэлігій і ўлады”, - сказаў арцыбіскуп Багдадскі.

Візіт Святога Айца ў Іраку павінен прайсці 5-8 сакавіка 2021 г. Плануецца, што Пантыфік наведае Багдад, Эрбіль, Масул, Каракаш і Ур.
 

26 студзеня 2021, 13:53