Пошук

Vatican News
Кс. Анджэй Капроўскі, праграмны дырэктар Ватыканскага радыё з 2005 па 2015 гг. Кс. Анджэй Капроўскі, праграмны дырэктар Ватыканскага радыё з 2005 па 2015 гг. 

Адышоў у вечнасць былы праграмны дырэктар Ватыканскага радыё

29 студзеня 2021 г. памёр кс. Анджэй Капроўскі, былы праграмны дырэктар Ватыканскага радыё. Святар зрабіў вялікі ўклад у адраджэнне каталіцкіх СМІ ў Польшчы пасля падзення камуністычнай дыктатуры.

Анджэй Капроўскі нарадзіўся ў 1940 г. у Лодзі. Вывучаў паланістыку ў Варшаўскім універсітэце. У 1961 г. уступіў у Таварыства Езуса, а ў 1969 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Займаўся душпастырствам студэнтаў у Люблінскім каталіцкім універсітэце, дзе ў той час выкладаў Караль Вайтыла, будучы папа Ян Павел ІІ. У 1979 г. стаў рэктарам езуіцкага тэалагічнага калегіума ў Варшаве.

З 1983 па 1989 гг. знаходзіўся ў Рыме, дзе выконваў служэнне асістэнта Генеральнага настаяцеля Таварыства Езуса па пытаннях Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

У 1989 г. святар вярнуўся на радзіму, дзе прычыніўся да адраджэння сеткі каталіцкіх СМІ, практычна знішчаных камуністамі. Узначальваў аддзел каталіцкай інфармацыйнай службы на дзяржаўным тэлебачанні. У 1997 г. быў прызначаны Генеральным настаяцелем паўночнай езуіцкай правінцыі ў Польшчы.

У 2003 г. вярнуўся ў Рым, дзе стаў намеснікам праграмнага дырэктара Ватыканскага радыё, кс. Фэдэрыка Ламбардзі, а ў 2005 г. – праграмным дырэктарам. Праз дзесяць гадоў працы на гэтай пасадзе вярнуўся ў Польшчу, дзе працягваў служэнне ў каталіцкай медыя-сферы, займаўся перакладам кніг і духоўным кіраўніцтвам.

У 2011 г. кс. Капроўскі наведваў Беларусь, дзе прымаў удзел ва ўрачыстасцях абвяшчэння новай катэдры ў Віцебску і 20-годдзя заснавання і адраджэння Мінска-Магілёўскай Мітраполіі. У рамках візіту ён быў госцем некалькіх беларускіх СМІ: інтэрнэт-партала TUT.BY, інфармацыйнага агенцтва “БелаПан”, а таксама сустракаўся з кіраўніцтвам Белтэлерадыёкампаніі, з якім абмяркоўваў планы магчымага супрацоўніцтва.

Успамінаючы свайго бліжэйшага супрацоўніка, кс. Фэдэрыка Ламбардзі, былы кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы і былы Генеральны дырэктар Ватыканскага радыё, а цяпер старшыня “Ватыканскага фонда Ёзэфа Ратцынгера-Бэнэдыкта XVI”, прызнаўся, што заўсёды цаніў яго глыбокую чалавечнасць і духоўнасць, здольнасць глядзець на сітуацыі ў перспектыве хрысціянскай веры. Досвед кс. Капроўскага цаніў і св. Ян Павел ІІ, які часта раіўся з езуітам па розных пытаннях, - дадаў ён.

“Кс. Капроўскі быў чалавекам, які глыбока разумеў сучасны свет, эпахальныя перамены, праблемы ў сферы культуры, грамадства, міжнароднай палітыкі. Ён меў шырокі кругагляд, быў вельмі ўважлівым і хацеў, каб журналісты Ватыканскага радыё і тыя, хто займаецца праблемамі сучаснага свету, рабілі гэта з усведамленнем і глыбінёй. Яго цікавіла значэнне падзей, іх уплыў на жыццё людзей, на іх ментальнасць як хрысціян, а таксама як адказных людзей нашай эпохі”, - падзяліўся кс. Ламбардзі.

Кс. Анджэй Капроўскі адышоў у вечнасць на 81-годзе жыцця ў Варшаве ў выніку ўскладненняў, выкліканых каронавірусам.
 

30 студзеня 2021, 10:37