Пошук

Папа з епіскапамі Усходніх Цэркваў Папа з епіскапамі Усходніх Цэркваў 

Пантыфік унёс змены ў Кодэкс Канонаў Усходніх Цэркваў

Пасля паправак у Кодэкс кананічнага права, які рэгулюе жыццё Касцёла лацінскага абраду, адносна заснавання манаскіх кангрэгацый, у Кодэкс Канонаў Усходніх Цэркваў таксама былі ўнесены адпаведныя змены.

“З самага пачатку Касцёла некаторыя вернікі былі пакліканы прысвяціць сваё жыццё асаблівым чынам служэнню Богу і бліжнім, сведчачы перад супольнасцю сваю аддаленасць ад свету”, - нагадаў Францішак у Апостальскім лісце Ab initio.

Гэтым дакументам у форме motu proprio ён унёс змены ў каноны Усходніх Цэркваў 435 §1 і 506 §1 аб стварэнні новых кляштараў і манаскіх кангрэгацый. Цяпер епархіяльны епіскап можа заснаваць кляштар на тэрыторыі Патрыяршай Царквы з пісьмовага дазволу Патрыярха або ў іншых выпадках – Апостальскай Сталіцы. Таксама епархіяльны епіскап можа ствараць кангрэгацыі з пісьмовага дазволу Апостальскай Сталіцы і пасля кансультацый з Патрыярхам на тэрыторыі Патрыяршай Царквы.

Адзначаючы, што Касцёл “прымае розныя формы кансэкраванага жыцця як праяўленне багацця дароў Духа Святога”, спасылаючыся на дэкрэт Другога Ватыканскага Сабору Perfectae caritatis, Папа нагадаў, што пастыры мясцовых Касцёлаў абавязаны ўстанаўліваць і зацвярджаць стабільныя формы такога жыцця. Апостальская Сталіца павінна суправаджаць епархіяльных іерархаў у працэсе прызнання і мець канчатковае меркаванне наконт сапраўднасці матываў.

Папярэдне ўзгаданыя каноны прадпісвалі толькі кансультацыі па гэтых пытаннях з Апостальскай Сталіцай і Патрыярхам.

Месяц таму Апостальскім лістом Authenticum charismatis Папа ўнёс змены ў 579 пункт Кодэкса кананічнага права Лацінскага Касцёла і зрабіў абавязковым меркаванне Апостальскай Сталіцы аб прызнанні новых супольнасцей кансэкраванага жыцця ў дыяцэзіяльным кантэксце.
 

07 снежня 2020, 13:01