Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Новыя благаслаўлёныя Касцёла: Пантыфік ухваліў дэкрэты

21 снежня 2020 г. Папа сустрэўся на аўдыенцыі з арцыбіскупам Марчэла Сэмерара, прэфектам Кангрэгацыі па справах кананізацыі, і ўхваліў дэкрэты, якія датычаць некалькіх беатыфікацыйных спраў.

Першым дакументам была пацверджана мучаніцкая смерць Слугі Божага Разарыа Анджэла Ліваціна, свецкага верніка з Італіі, якога забілі 21 верасня 1990 г. з нянавісці да веры.

Сем іншых дэкрэтаў, ухваленых Францішкам, пацвярджаюць гераічнасць цнотаў іерархаў, святароў і кансэкраваных асоб. Гаворка ідзе пра двух біскупаў: іспанца Васка дэ Кірога, які памёр у Мексіцы ў 1565 г ., і італьянца Бэрнардына Пічынэлі, які памёр у Анконе ў 1984 г. Наступныя дэкрэты датычацца дыяцэзіяльных святароў: іспанца Вінсэнтэ Гансалеса Суарэса, памерлага ў 1851 г., і двух італьянцаў: Антоніа Сэгэцы, памерлага ў нямецкім Дахаў 21 мая 1945 г ., і Бэрнарда Антаніні, які памёр у казахстанскай Карагандзе ў 2002 г. Іншымі дэкрэтамі пацвярджаецца гераічнасць цнотаў двух кансэкраваных асоб: салезіяніна Ігнацыя Стухлы, памерлага ў чэшскім Лукаве ў 1953 г., і італьянкі Розы Сталтары, з Кангрэгацыі Дачок Марыі Найсвяцейшай Суадкупіцельніцы, якая памерла ў Палерма ў 1974 г.
 

22 снежня 2020, 11:06