Пошук

 Кроў св. Януарыя не перайшла ў вадкі стан Кроў св. Януарыя не перайшла ў вадкі стан 

Неапаль: цуд св. Януарыя не паўтарыўся

Высахлая кроў св. Януарыя, мучаніка трэцяга стагоддзя, якая захоўваецца ў спецыяльным рэліквіярыі ў неапалітанскай катэдры, 16 снежня 2020 г., упершыню за шмат гадоў не перайшла ў вадкі стан.

“Цуд святога Януарыя” – змена кансістэнцыі застылай крыві, звычайна адбываецца тры разы на год: у першую нядзелю мая, 19 верасня – у літургічнае свята апекуна горада, і 16 снежня. На гэты раз, аднак, ён не паўтарыўся.

Каментуючы феномен, капелан капліцы св. Януарыя ў саборы, мансеньёр Вінчэнца Дэ Грэгорыа, паведаміў пасля ранішняй св. Імшы, падчас якой чакалі цуду, што ўсё адбывалася паводле шматгадовага звычаю: ампулу моцна страсянулі, але стан крыві не змяніўся. Гэтага не адбылося і падчас вячэрняй літургіі, якая з прычыны санітарных абмежаванняў прайшла не ў капліцы, а на галоўным алтары катэдры. Арцыбіскуп Неапаля, кардынал Крэшчэнца Сэпэ заклікаў вернікаў да сапраўднай і глыбокай малітвы да св. Януарыя і аб’яднання ў яго імя.

З 1939 г. існуюць правераныя паведамленні пра пастаяннае паўтарэнне цуду, за выключэннем некалькіх выпадкаў; кожны раз яны былі звязаны з нейкім няшчасцем. Так было ў верасні 1939 г., калі пачалася Другая сусветная вайна, потым у 1943 г., калі нацысцкая Германія акупавала Італію, і ў 1980 г.: 23 лістапада таго года ў Ірпініі, прыблізна ў 50 км ад Неапаля, адбыўся землятрус, у выніку якога загінулі амаль 5 тыс. чалавек. Апошні да гэтага часу выпадак, калі кансістэнцыя крыві не змянілася, меў месца ў 2016 г.
 

18 снежня 2020, 11:49