Пошук

Vatican News
Вокладка кнігі “Папа Францішак і Рымскі Імшал для дыяцэзій Заіра” Вокладка кнігі “Папа Францішак і Рымскі Імшал для дыяцэзій Заіра” 

Францішак: заірскі абрад – прыклад для іншых культур

Аналіз заірскага абраду – значная падзея для Касцёла ў Афрыцы, - адзначыў Пантыфік у спецыяльным відэазвароце, які прымеркаваў да прэзентацыі кнігі “Папа Францішак і Рымскі Імшал для дыяцэзій Заіра”.

Паводле Святога Айца, заірскі абрад з’яўляецца прыкладам літургічнай інкультурацыі. У апошняй паслясінадальнай адгартацыі Францішак выказаў пажаданне, каб літургія ў Амазоніі таксама змагла прыняць элементы, адпаведныя досведу карэнных народаў. Дарэчы, Папа сам цэлебраваў св. Імшу паводле заірскага абраду ў Першую нядзелю Адвэнту 2019 г.

“У аснове гэтай працы ляжыць воля прадэманстраваць духоўную і касцёльную важнасць цэлебрацыі Эўхарыстыі ў заірскім абрадзе і душпастырскія мэты, якія ёй кіруюць. (...) Паколькі гэта адзіны інкультурны абрад Лацінскага Касцёла, зацверджаны пасля Другога Ватыканскага Сабору, яго досвед можа служыць прыкладам і ўзорам для пераймання для іншых культур”, - сказаў Францішак у відэазвароце.

Відавочна, што кожны народ, перажыўшы асабіста перамяняльную сустрэчу з Хрыстом, спрабуе звярнуцца да Бога, Які аб’явіў сябе ў Езусе Хрысце, словамі, уласнай рэлігійнай, паэтычнай, метафарычнай, сімвалічнай і апавядальнай мовамі, бо малітва, звернутая да Бога, нясе ў сабе ласку, якая ператварае чалавечы досвед ва ўсіх яго вымярэннях, - напісаў Папа ў прадмове да кнігі, якая выйшла ў Ватыканскім выдавецтве.
 

03 снежня 2020, 11:56