Пошук

Vatican News
Кардынал Гуалцьера Басэці Кардынал Гуалцьера Басэці  (ANSA)

Святы Айцец падтрымаў кардынала, у якога каронавірус

Папа заклапочаны станам здароўя італьянскага духавенства. Цягам апошніх дзён у дыяцэзіі Перуджа-Чыта-Дэла-П’евэ ад каронавіруса памерлі два святары, а яе арцыпастыр знаходзіцца ў цяжкім стане.

Святы Айцец асабіста патэлефанаваў дапаможнаму біскупу Перуджы Марка Сальві, каб з першых вуснаў атрымаць інфармацыю аб сітуацыі ў дыяцэзіі. Іерарх знаходзіцца на самаізаляцыі пасля станоўчага тэсту на каронавірус, але не мае сімптомаў хваробы.

Біскуп Сальві распавёў, што Францішак цікавіўся станам здароўя арцыбіскупа Перужды і старшыні Канферэнцыі Біскупаў Італіі, кардынала Гуалцьера Басэці. Ён папрасіў запэўніць хворага іерарха і медперсанал у яго малітве і блізкасці.

Кардынал Гуалцьера Басэці знаходзіцца ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі шпіталя Санта-Марыя-Дэла-Мізэрыкордыя ў Перуджы. Медыкі паінфармавалі, што стан яго здароўя крыху палепшыўся, але застаецца цяжкім.

“Наша дыяцэзія праходзіць праз сур’ёзныя цяжкасці, але малітва аб’ядноўвае вялікую колькасць людзей. Таму і хвароба кардынала – гэта нібыта сведчанне і запрашэнне больш давяраць таму, хто з’яўляецца Дабром жыцця. З аднаго боку мы бачым цяжкае выпрабаванне, а з іншага – сведчанне ласкі”, - сказаў біскуп Марка Сальві.
 

12 лістапада 2020, 12:31