Пошук

Vatican News
Кардынал Рауль Эдуарда Вэла Чырыбога Кардынал Рауль Эдуарда Вэла Чырыбога  

Спачуванні Пантыфіка пасля смерці кардынала Вэла Чырыбога

Пантыфік смуткуе ў сувязі са смерцю эквадорскага кардынала Рауля Эдуарда Вэла Чырыбога, які адышоў да Пана 15 лістапада 2020 г. Ён даслаў спачувальную тэлеграму на імя арцыбіскупа Кіта.

Францішак папрасіў іерарха перадаць спачуванні сваякам нябожчыка і вернікам Эквадора. “Успамінаючы гэтага самаахвярнага пастыра, які на працягу многіх гадоў з вернасцю прысвячаў жыццё служэнню Богу і Касцёлу, малюся аб вечным супакоі яго душы і аб тым, каб Пан Езус адарыў яго неўвядальным вянцом славы. Удзяляю ўсім апостальскае благаслаўленне на знак хрысціянскай надзеі на ўваскрослага Пана”, - напісаў Пантыфік.

Вэла Чырыбога атрымаў святарскае пасвячэнне 28 ліпеня 1957 г. і быў інкардынаваны ў дыяцэзію Рыабамба. Практычна адразу стаў сакратаром біскупскай курыі, а ў 1967 г. – кіраўніком дыяцэзіяльнай Caritas. У 1968-1975 гг. працаваў у эквадорскай біскупскай канферэнцыі, дзе займаў пасаду Сакратара (1968-1970), а затым Генеральнага сакратара (1970-1975).

20 красавіка 1972 г. Павел VI прызначыў яго дапаможным біскупам Гуаякіля. 29 красавіка 1975 г. іерарх стаў пастырам дыяцэзіі Асогес, а 8 ліпеня 1989 г. – ваенным ардынарыем эквадорскай арміі. 21 сакавіка 2003 г. Ян Павел ІІ прызначыў яго на традыцыйна важную пасаду ў Касцёле ў Эквадоры, арцыбіскупа-мітрапаліта Кіта. У 75 гадоў у адпаведнасці з кананічным правам іерарх падаў у адстаўку, якую Бэнэдыкт XVI прыняў 11 верасня 2010 г. Праз месяц было абвешчана пра яго кардынальнае прызначэнне. Афіцыйнае ўзвядзенне адбылося падчас кансісторыя 20 лістапада 2010 г.

Кардынал Рауль Эдуарда Вэла Чырыбога прымаў удзел у канклаве 2013 г., на якім абралі Францішка.

На 17 лістапада 2020 г. Калегія кардыналаў складаецца з 216 іерархаў, з якіх 119 – выбаршчыкі.
 

17 лістапада 2020, 12:39