Пошук

Vatican News
Нямецкі епіскапат падчас супольнай малітвы. Ілюстрацыйнае фота Нямецкі епіскапат падчас супольнай малітвы. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Размовы ватыканскага кардынала з нямецкімі біскупамі

Прэфект Кангрэгацыі па справах духавенства, кардынал Бэньяміна Стэла правёў размову з прадстаўнікамі Канферэнцыі Біскупаў Германіі. Яна адбылася ў форме відэаканферэнцыі.

Прадметам абмеркавання стала інструкцыя “Душпастырскае навяртанне парафіяльнай супольнасці на службе евангелізацыйнай місіі Касцёла”, апублікаваная Кангрэгацыяй 20 ліпеня 2020 г.

Як паведаміў прэс-сакратар нямецкага епіскапата Маціяс Коп, у размове прынялі ўдзел Старшыня Канферэнцыі Біскупаў, біскуп Георг Бэтцынг; яго намеснік, біскуп Франц-Ёзэф Бодэ і Генеральны сакратар, кс. Ганс Лангендорфэр.

Паводле нямецкіх іерархаў, сустрэча “характарызавалася адкрытасцю і ўзаемаразуменнем”. Яна тычылася “некаторых аспектаў інструкцыі і абмену лістамі паміж біскупам Бэтцынгам і кардыналам Стэлай”. Прэфект дыкастэрыі выразна даў зразумець, што на наступнай сустрэчы, безумоўна, таксама павінны прысутнічаць прадстаўнікі свецкіх вернікаў. Яе дата яшчэ павінна быць вызначана.

Інструкцыя ад 20 ліпеня 2020 г. дакладна вызначае межы рэформы парафіяльных структур, паказваючы на выключную кампетэнцыю святара кіраваць душпастырскай працай і каардынаваць яе. Тут, між іншым, гучыць заўвага адносна дзейнасці парафіяльных рад, душпастырскай і эканамічнай. Дакумент нагадвае, што Рады маюць кансультацыйны характар і ўзначальваюцца пробашчам. Гэта асабліва актуальна ў кантэксце Касцёла ў Германіі, дзе такія структуры маюць значны ўплыў на жыццё супольнасці.

Некаторыя нямецкія біскупы выказалі вельмі крытычныя меркаванні адносна дакумента. У адказ на гэта, прэфект заявіў, што будзе рады сустрэцца з прадстаўнікамі нямецкага епіскапату, каб развеяць іх сумневы і абурэнне.

У адным з інтэрв’ю кардынал Стэла абверг абвінавачванні ў тым, што інструкцыя абцяжарвае святароў адміністрацыйнымі задачамі: наадварот, дакумент мае на мэце перасцерагчы ад канцэпцыі парафіі як проста “ўстановы” культу.
 

21 лістапада 2020, 12:22