Пошук

Vatican News
Францішак з архіепіскапам Джасцінам Уэлбі Францішак з архіепіскапам Джасцінам Уэлбі  (Vatican Media)

Кіраўнік Англіканскай Царквы пра амбіцыйнасць Fratelli tutti

Перад абліччам выклікаў, якія ставіць пандэмія, хрысціяне пакліканы быць больш з’яднанымі ў сведчанні надзеі, укаранёнай у Хрысце, - падкрэсліў Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі.

У інтэрв’ю ватыканскім СМІ кіраўнік Англіканскай Царквы падзяліўся думкамі пра актуальную эпідэміялагічную сітуацыю, важнасць энцыклікі Fratelli tutti для экуменічнага руху, выказаў спадзяванне на мір у Паўднёвым Судане.

Калі жывём нашай верай у Хрыста і аддаём цэнтральную ролю найбольш уразлівым, бедным і адчужаным, тады нясём пасланне надзеі. Менавіта гэтаму вучыць новая сацыяльная энцыкліка Папы. Яна прапануе сістэматызаванае, амбіцыйнае і адважнае бачанне, патрэбнае для лепшай будучыні свету, - заўважыў іерарх.

Паводле архіепіскапа Уэлбі, погляд Святога Айца можа падзяляцца не толькі католікамі, але ўсім чалавецтвам. Для Папы важныя ўсе аспекты чалавечага жыцця – ад індывідуальнага да мультынацыянальнага, ад сям’і да свету бізнеса, прамысловасці і палітыкі.

Кіраўнік Англіканскай Царквы звярнуў увагу на тое, што людзі схільныя да будавання бар’ераў і “значэння” сваёй тэрыторыі, што здараецца нават у рэлігійнай сферы. Экуменічны рух, аднак, спрыяе паступоваму пераадольванню такіх меж.

“Час ад часу робяцца ўсё больш і больш важныя крокі наперад, як адбылося з каталіцка-лютэранскай Сумеснай дэкларацыяй аб дактрыне апраўдання, да якой потым далучыліся англікане, метадысты і рэфарматы. Часам мяжа прыадчыняецца і становіцца пранікальнай”, - звярнуў увагу Уэлбі.

Для адказу на выклікі, звязаныя з пандэміяй, патрэбны спакой, мужнасць і спагадлівасць. Ён заўважыў, што зачыненыя ў час пандэміі храмы не спынілі дзейнасці хрысціян па дапамозе людзям. Важна пераадолець усе стэрэатыпы і забабоны і з любоўю клапаціцца пра тых, хто апынуўся ў нястачы, - падкрэсліў іерарх.

Архіепіскап звярнуў увагу на сяброўскія адносіны, якія яго лучаць са Святым Айцом, нагадаў пра духоўныя практыкаванні, у якіх яны прымалі ўдзел разам з палітычнымі лідарамі Паўднёвага Судана і выказаў спадзяванне на сумеснае з Папам падарожжа ў гэту афрыканскую краіну. Англіканскі іерарх мае надзею на тое, што яго працягне аб’ядноўваць з Пантыфікам малітва адно за аднаго і за ўвесь свет, дзейнасць на карысць міра і згоды, а таксама паляпшэння жыцця бедных.
 

17 лістапада 2020, 13:01