Пошук

Vatican News
Група біскупаў з ЗША падчас візіту ad limina. Ілюстрацыйнае фота Група біскупаў з ЗША падчас візіту ad limina. Ілюстрацыйнае фота 

Епіскапат ЗША дзякуе Святому Пасаду за Даклад па Маккарыку

Старшыня епіскапату ЗША, арцыбіскуп Лос-Анджэлеса Хасэ Гомес ад свайго імя і імя біскупаў выказаў падзяку Пантыфіку і Святому Пасаду за публікацыю справаздачы па справе Маккарыка.

“Мы вывучаем гэтыя высновы і ўдзячныя Святому Айцу Францішку за яго душпастырскі клопат пра Божую сям’ю ў ЗША і за яго кіраўніцтва ў выкліку, звязаным з патрэбай большай адказнасці і празрыстасці ў вырашэнні выпадкаў злоўжыванняў і адпаведным падыходзе да такога роду паведамленняў на ўсіх узроўнях, які стаіць перад Касцёлам”, - гаворыцца ў заяве арцыбіскупа Гомеса.

Іерарх назваў гісторыю “яшчэ адным трагічным раздзелам у працяглай барацьбе Касцёла супраць злачынстваў сексуальнага гвалту з боку духавенства”.

“Ахвярам Маккарыка і іх сем’ям, а таксама ўсім ахвярам сексуальнага гвалту з боку духавенства я выказваю глыбокае шкадаванне і прыношу найглыбейшае выбачэнне. Прашу прыняць тое, што я і мае калегі біскупы імкнёмся зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы вам рухацца наперад і гарантаваць, што ніхто больш не будзе пакутаваць ад таго, ад чаго пакутавалі вы”, - напісаў іерарх.

Ён заклікаў усіх, хто зазнаў злоўжыванні з боку святара, біскупа ці супрацоўніка Касцёла, “паведамляць пра гэта праваахоўным і касцёльным органам” і даў спасылку на адпаведны раздзел на сайце епіскапату.

“Давайце працягваць маліцца і імкнуцца да навяртання сэрца, каб мы маглі сумленна і пакорна ісці за Езусам Хрыстом”, - такім заклікам завяршыў свой зварот старшыня Канферэнцыі Біскупаў Злучаных Штатаў.
 

11 лістапада 2020, 12:16