Пошук

Прадстаўнікі французскага епіскапату падчас сустрэчы з Францішкам. Ілюстрацыйнае фота Прадстаўнікі французскага епіскапату падчас сустрэчы з Францішкам. Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы Францыі апратэставалі рашэнне ўлады аб закрыцці храмаў

Непрапарцыйным крокам, які парушае свабоду веравызнання, назвалі французскія біскупы пастанову ўрада аб поўнай забароне літургіі з удзелам вернікаў, якое ўступіла ў сілу 3 лістапада 2020 г.

Старшыня епіскапату абскардзіў гэтае рашэнне ў Дзяржаўнай радзе, якая ў французскім прававым парадку разглядае ўсе законапраекты і ўрадавыя пастановы.

Арцыбіскуп Эрык дэ Мулен-Бафор пракансультаваўся па гэтым пытанні з усімі французскімі біскупамі. Было аднагалосна падкрэслена, што рашэнне ўладаў падрывае свабоду веравызнання, якая з’яўляецца адной з асноўных свабод у краіне і не падлягае абмеркаванню. Было адзначана, што поўная забарона на цэлебрацыю Эўхарыстыі з удзелам вернікаў несувымерная з мэтай аховы здароўя, тым больш, што ва ўсіх храмах былі прыняты надзвычайныя санітарныя абмежаванні, і яны старанна выконваліся.

Старшыня Канферэнцыі Біскупаў нагадаў, што няма ніякіх доказаў таго, што культавыя ўстановы з’яўляюцца месцамі большай небяспекі заражэння, чым, напрыклад, камерцыйныя.

Вернікі вітаюць рэакцыю епіскапату. Раней шмат іерархаў, прадстаўнікоў каталіцкіх рухаў і супольнасцей выказваліся супраць гэтых драконаўскіх абмежаванняў. Французскія католікі адмаўляюцца пакідаць касцёлы, у якія прыходзяць, асабліва ў цяжкі час пандэміі, каб знайсці суцяшэнне і надзею. Яны звяртаюць увагу на тое, што рашэнне ўладаў прыйшлося на асабліва цяжкі час для хрысціян, калі яны пераследуюцца ісламістамі. Тут маецца на ўвазе напад на катэдру ў Ніцы, дзе былі закатаваны тры чалавекі толькі таму, што прыйшлі на малітву.

Арцыбіскуп дэ Мулен-Бафор адзначыў, што клопат пра фізічнае здароўе не можа адключыць людзей ад духоўнай дапамогі, што ў цяперашняй сітуацыі мае прынцыповае значэнне.

Зварот Канферэнцыі Біскупаў Францыі да Дзяржаўнай рады павінен быць разгледжаны ў канцы тыдня. Рада з’яўляецца вышэйшым органам у адміністрацыйнай судовай сістэме. Яе рашэнні адыгрываюць велізарную ролю ў сістэмнай практыцы.
 

03 лістапада 2020, 13:42