Пошук

Vatican News
Лагатып Сусветных дзён моладзі 2023 у Лісабоне Лагатып Сусветных дзён моладзі 2023 у Лісабоне 

Аргкамітэт Дзён моладзі 2023 заклікаў да “канкрэтных дзеянняў”

Аргкамітэт па правядзенні Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне заклікаў маладых партугальцаў да “канкрэтных дзеянняў” у перыяд падрыхтоўкі да падзеі.

У спецыяльным паведамленні гучыць заклік падтрымаць бліжніх падчас Адвэнта і стварыць “вялікі нацыянальны рух за радасць”, напярэдадні Божага Нараджэння паспрабаваць звязацца з “далёкімі членамі сям’і”, патэлефанаваць адзінокаму чалавеку, дапамагчы бедным сем’ям і далучыцца да жыцця сваёй парафіі.

“Мы заклікаем цябе зрабіць нешта, што зменіць сітуацыю бліжніх там, дзе жывеш”, - гаворыцца ў звароце аргкамітэта да маладых людзей.

Сусветныя дні моладзі пройдуць у Лісабоне ў жніўні 2023 г. Першапачаткова форум планаваўся ў 2022 г., але быў перанесены з прычыны пандэміі COVID-19.

Аргкамітэт запусціў інтэрнэт-катэхезы для маладых людзей, зацікаўленых удзелам у падрыхтоўцы да мерапрыемства. Праект пад назвай Rise UP прызначаны ў першую чаргу для паглыблення веры аніматараў мясцовай моладзі і парафіяльных груп.

Кс. Тыяга Нэта, адзін з арганізатараў падзеі, растлумачыў, што віртуальнае навучанне стане формай падтрымкі каталіцкай моладзі, якая мае намер евангелізаваць сваіх аднагодак. Катэхезы даступныя на сайце www.lisboa2023.org.

У красавіку, неўзабаве пасля таго, як папа Францішак абвясціў аб пераносе Сусветных дзён з 2022 г. на 2023 г., партугальскія біскупы заявілі, што прымаюць рашэнне са зразуменнем. Патрыярх Лісабона, кардынал Мануэль Клемэнтэ, тагачасны старшыня партугальскай біскупскай канферэнцыі, патлумачыў, што барацьба з COVID-19 застаецца прыярытэтам для католікаў краіны, і падрыхтоўка да моладзевага форума, на жаль, сыходзіць на другі план. Не гледзячы на гэта, яна працягваецца: у ліпені ў Бразе прайшло вялікае пасяджэнне аргкамітэта.
 

14 лістапада 2020, 11:46