Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Рэкордная колькасць дзяцей прыняла ўдзел у малітве на Ружанцы

18-19 кастрычніка 2020 г. больш за паўмільёна дзяцей з 136 краін, у тым ліку і з Беларусі, далучыліся да малітоўнай акцыі Папскага фонду “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”.

Лічыльнік на сайце кампаніі “Мільён дзяцей моляцца на Ружанцы”, дзе рэгістраваліся малітоўныя групы і сем’і, спыніўся на лічбе 509 777. На жаль, тысячы людзей не змаглі зарэгістравацца з прычыны кібератакі за два дні да падзеі.

Паводле дадзеных Папскага фонду, большасць удзельнікаў паходзіць з Польшчы і Мексікі, за імі ідуць Славакія, Індыя і Філіпіны. Дзеці маліліся, у прыватнасці, у Майдугуры на паўночным усходзе Нігерыі – рэгіёне, моцна пацярпелым ад нападаў Бока Харам, у Арменіі – краіне, у якой пануе ваеннае становішча, у Беларусі – дзе вось ужо трэці месяц ідзе палітычнае супрацьстаянне.

Ініцыятыва “Мільён дзяцей моляцца на Ружанцы” нарадзілася ў венесуэльскім Каракасе ў 2005 г. Падчас малітвы групы дзяцей у прыдарожнай капліцы некалькі жанчын, якія суправаджалі іх, адчулі глыбокую прысутнасць Дзевы Марыі. Потым яны ўзгадалі абяцанне св. Падрэ Піо: “Калі мільён дзяцей моліцца на ружанцы, свет змяняецца”.

Чарговы этап ружанцовай кампаніі запланаваны на 18 кастрычніка 2021 г.
 

29 кастрычніка 2020, 12:47