Пошук

Vatican News
Біскуп Марчэла Сэмерара Біскуп Марчэла Сэмерара 

Новы прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі з візітам у Асізі

Біскуп Марчэла Сэмерара здзейсніць візіт у Асізі. Наведванне радзімы св. Францішка стане яго першым падарожжам у якасці прэфекта ватыканскай Кангрэгацыі па справах кананізацыі.

19 кастрычніка 2020 г. іерарх узначаліць св. Імшу ля магілы бл. Карла Акуціса ў мясцовым касцёле Санта-Марыя-Маджорэ – санктуарыі Адрачэння св. Францішка ад зямных дабротаў.

У паведамленні асізскага біскупа Даменіка Сарэнціна падкрэсліваецца, што ў гэтым месцы маладыя св. Францішак і бл. Карла прамаўляюць разам. Нягледзячы на тое, што іх раздзяляюць стагоддзі, яны здольныя прамаўляць на мове моладзі, якой з’яўляецца мова сапраўднасці. Абодва заклікаюць юнакоў і дзяўчат нашага часу быць радаснымі, шчаслівымі і арыгінальнымі, наследуючы шлях Езуса Хрыста. “Мы павінны знайсці магчымасць, каб данесці гэта пасланне да моладзі”, - напісаў пастыр дыяцэзіі Асізі-Ночэра-Умбра-Гуальда-Тадзіна.

Біскуп Марчэла Сэмерара быў прызначаны новым прэфектам Кангрэгацыі па справах кананізацыі 15 кастрычніка 2020 г. Да гэтага часу ён быў пастырам дыяцэзіі Альбана і сакратаром Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам.

Асізі – італьянскі горад у вобласці Умбрыя, вядомы тым, што тут нарадзіўся і правёў сваё жыццё адзін з самых знакамітых каталіцкіх святых – св. Францішак, нябесны апякун цяперашняга пантыфікату. У 2006 г. на асізскіх могілках быў пахаваны Карла Акуціс – італьянскі падлетак, які памёр у 15-гадовым узросце ад лейкеміі. 10 кастрычніка 2020 г. ён быў абвешчаны благаслаўлёным. За год да гэтага яго парэшткі былі перанесены ў мясцовы касцёл, перад якім св. Францішак публічна адмовіўся ад дабротаў зямнога жыцця і цалкам прысвяціць сябе Богу і бедным.
 

19 кастрычніка 2020, 09:41