Пошук

Vatican News
Арцыбіскуп Антэ Ёзіч у Мінску. Фота: Catholic.by/Апостальская нунцыятура ў Беларусі Арцыбіскуп Антэ Ёзіч у Мінску. Фота: Catholic.by/Апостальская нунцыятура ў Беларусі 

Апостальскі нунцый у Беларусі прыбыў у Мінск

11 кастрычніка 2020 г. у Мінск прыбыў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. У аэрапорце яго сустракалі супрацоўнікі нунцыятуры, прадстаўнікі мясцовага Касцёла і дзяржаўных уладаў.

Ад імя каталіцкага епіскапату дыпламата на беларускай зямлі прывітаў Генеральны сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскуп Юзаф Станеўскі, - паведаміў catholic.by.

Разам з ім прадстаўніка Святога Айца сустракалі сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь кс. Махэр Шамас, старшыня Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч, а таксама супрацоўнік службы дзяржаўнага пратаколу Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

З аэрапорту арцыбіскуп Ёзіч скіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру ў Мінску, якая з’яўляецца дыпламатычнай місіяй Святога Пасаду ў Беларусі і рэзідэнцыяй прадстаўніка Папы.
 

12 кастрычніка 2020, 08:47