Пошук

Vatican News
Арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала Арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала  

Новы Лацінскі Патрыярх Іерусаліма

Святы Айцец прызначыў арцыбіскупа П’ербатысту Піцабалу Лацінскім Патрыярхам Іерусаліма. Раней іерарх быў Апостальскім адміністратарам патрыяршай дыяцэзіі Іерусаліма лацінскага абраду.

Італьянскі францішканін Піцабала працаваў у Кустодыі Святой Зямлі з 1999 г. Быў душпастырам католікаў яўрэйскай мовы і патрыяршым вікарыем. У маі 2004 г. быў абраны Кусташам Святой Зямлі і ахоўнікам гары Сіён. 24 чэрвеня 2016 г. Святы Айцец прызначыў яго Апостальскім адміністратарам Іерусалімскай дыяцэзіі.

Лацінскі Патрыярхат Іерусаліма быў створаны ў выніку Першага крыжовага паходу ў 1099 г., але пазней спыніў сваё існаванне ў канцы XIII ст. Быў адноўлены 23 ліпеня 1847 г. папам Піем IX. Да снежня 1987 г. гэтую касцёльную адзінку ўзначальвалі еўрапейцы, у асноўным італьянцы, за імі прыйшлі два мясцовыя Патрыярхі: арцыбіскуп Мішэль Сабах (1987-2008) і арцыбіскуп Фуад Туаль (2008-16). Юрысдыкцыя Патрыярхату распаўсюджваецца на католікаў лацінскага абраду. Паводле падлікаў, у Ізраілі, Палестыне, Іарданіі і на Кіпры пражывае каля 293 тыс. рыма-католікаў.

Калі арцыбіскуп Піцабала быў прызначаны Апостальскім адміністратарам, Лацінскі Патрыярхат быў на мяжы банкруцтва, доўг складаў больш за 100 млн долараў ЗША. Ён здолеў выправіць сітуацыю.
 

26 кастрычніка 2020, 12:40