Пошук

Vatican News
Кардынал Герхард Людвіг Мюлер Кардынал Герхард Людвіг Мюлер 

Кардынал: жыццё чалавека мае абсалютную каштоўнасць

Католікі ў палітыцы абавязаны бараніць чалавечае жыццё ад абортаў і эўтаназіі, цалкам абапіраючыся ў сваёй дзейнасці на сацыяльнае вучэнне Касцёла, - перакананы кардынал Герхард Людвіг Мюлер.

Былы прэфект Кангрэгацыі Веравучэння падкрэсліў, што ўсе замахі на святасць чалавечага жыцця супярэчаць каталіцкай веры. “Жыццё кожнага чалавека мае ў сабе абсалютную каштоўнасцю”, - сказаў нямецкі іерарх у інтэрв’ю каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву CNA.

Паводле кардынала Мюлера, палітыкі могуць “называць сябе католікамі толькі тады, калі прымаюць на сябе абавязак барацьбы за фундаментальныя прынцыпы грамадскай этыкі, якімі з’яўляюцца правы чалавека”. Гэтыя правы нельга акрэсліваць нанова згодна з уласнымі прэферэнцыямі, - дадаў ён.

“Нельга сказаць, што жанчына мае права забіць дзіця ў сваім улонні, бо гэта дзіця з’яўляецца чалавечай істотай, што мае сваю абсалютную каштоўнасць. Гэта прынцып базавай этыкі і логікі чалавечага розума. Калі грамадства не паважае гэты прынцып, яно трапляе ў сацыяльны дарвінізм, які садзейнічае выжыванню мацнейшага, а не прыроджанай чалавечай годнасці”, - папярэдзіў іерарх.

“Католікі ў палітыцы павінны прасоўваць натуральнае права, фундаментальныя этычныя прынцыпы, а таксама сацыяльнае вучэнне Касцёла, павінны прыкладаць усе намаганні на карысць паўсюднага міру”, - сказаў ён. “Яны не могуць садзейнічаць эканамічнай вайне супраць іншых”, - дадаў кардынал Мюлер.

Былы прэфект нагадаў, што паводле каталіцкага сацыяльнага вучэння, правы чалавека паходзяць ад Бога, і нават тыя, хто не верыць у Яго, могуць прыняць для сябе недапушчальнасць эксплуатацыі людзей і маніпуляцыі імі. “Жыццё кожнага чалавека з’яўляецца святым”, - сцвердзіў нямецкі кардынал.
 

10 кастрычніка 2020, 10:12