Пошук

Vatican News
Францішак з Барталамеем І у Ватыкане Францішак з Барталамеем І у Ватыкане 

Патрыярх Канстантынопальскі аналізуе энцыкліку Fratelli tutti

Барталамей І падтрымлівае заклік Францішка, адмовіцца ад абыякавасці і цынізму, якія кіруюць сёння экалагічным, палітычным, эканамічным і сацыяльным жыццём, на карысць адзінай чалавечай сям’і.

Патрыярх Канстантынопальскі прызнаўся, што яго чаканні “былі цалкам задаволены” пасля завяршэння аналізу энцыклікі Fratelli tutti, якая ўяўляе сабой “вянец і шчаслівае падсумаванне” ўсёй сацыяльнай дактрыны Францішка. Папа, “з сваім вострым гуманістычным, сацыяльным і духоўным пачуццём” вызначае і называе “цені” цяперашняга свету і яго “сучасныя грахі”.

“Мы зусім не ідэалізуем мінулае. Аднак нас справядліва турбуе той факт, што сучасныя навукова-тэхнічныя распрацоўкі ўзмацнілі чалавечую “пагарду”. Дасягненні навукі не рэагуюць на нашы асноўныя экзістэнцыяльныя шуканні і не ліквідуюць іх”

, - адзначыў праваслаўны іерарх у інтэрв’ю ватыканскім СМІ.

Эканамічнае развіццё не паменшыла разрыў паміж багатымі і беднымі, а палітыка стала служкай эканомікі, - лічыць Барталамей І. Яго непакоіць той факт, што “правы чалавека і міжнароднае права распрацаваны і служаць мэтам, не звязаным з справядлівасцю, свабодай і мірам”.

“Праблема бежанцаў, тэрарызм, дзяржаўны гвалт, прыніжэнне чалавечай годнасці, сучасныя формы рабства і эпідэмія COVID-19 ставяць палітыку перад новымі абавязкамі і сціраюць яе прагматычную логіку”

, - адзначыў Патрыярх.

Прапанова Царквы для шчаслівага жыцця – гэта “любоў, адкрытасць да іншага і культура салідарнасці”. “Сучаснаму пыхліваму “чалавеку-богу” мы прапаведуем “Богачалавека”. Сутыкнуўшыся з эканамізмам, мы прапануем экалагічную эканоміку і эканамічную дзейнасць, заснаваную на сацыяльнай справядлівасці. Палітыцы “права больш моцных” мы супрацьпастаўляем прынцып павагі да неад’емных правоў грамадзян і міжнароднага права. Сутыкнуўшыся з экалагічным крызісам, мы заклікаем паважаць стварэнне і просты лад жыцця і ўсведамляць сваю адказнасць за перадачу несапсаванага прыроднага асяроддзя наступнаму пакаленню”, - падкрэсліў Барталамей І, які зараз знаходзіцца ў Рыме.

На думку ганаровага Прадстаяцеля праваслаўя, “на вуснах кожнага хрысціяніна павінен быць лозунг: “Больш ніякай вайны!”. У гэтым кантэксце іерарх лічыць, што “стаўленне грамадства да смяротнага пакарання з’яўляецца паказчыкам яго культурнай арыентацыі і павагі да чалавечай годнасці”.

“Паважлівая сістэма еўрапейскай канстытуцыйнай культуры, адной з галоўных асноў якой з’яўляецца ідэя любові, як выразу яе хрысціянскіх перакананняў, патрабуе ад нас улічваць тое, што кожнаму чалавеку павінна быць прапанавана магчымасць пакаяння і ўдасканалення, нават калі ён быў асуджаны за найгоршае злачынства”, - сказаў у інтэрв’ю Патрыярх Канстантынопальскі.
 

20 кастрычніка 2020, 12:03