Пошук

Vatican News
Кс. Юры Пракапюк Кс. Юры Пракапюк 

У Пінскай дыяцэзіі развіваецца душпастырства для глухіх

Кс. Юры Пракапюк з баранавіцкай парафіі св. Зыгмунда нядаўна стаў душпастырам Пінскай дыяцэзіі для асоб з парушэннямі слыху. Святар 27 верасня 2020 г. правёў першую сустрэчу з падапечнымі ў Гомелі.

Як адзначыў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Vatican News кс. Юры, Касцёл у Беларусі імкнецца евангелізаваць усіх, таксама – непаўнаспраўных. “Святы апостал Павел зазначыў у адным са сваіх пасланняў, што вера ў чалавечым сэрцы нараджаецца з пачутага слова. І калі гэтыя радкі разгледзім у кантэксце асоб з парушэннямі слыху, то зразумеем, што праблема не ў тым, што яны не могуць пачуць, а ў тым, што няма кагосьці, хто б данёс ім Божае Слова”, - патлумачыў ён.

Душпастырства глухіх актуальна для ўсіх дыяцэзій Беларусі, лічыць святар. На звычайных Імшах такіх людзей можна сустрэць рэдка – многія саромеюцца або адчуваюць дыскамфорт, бо не чуюць, не разумеюць, што адбываецца. Але такіх асоб, выхаваных у хрысціянскай, каталіцкай традыцыі даволі шмат. Кс. Юры ўжо пачаў працу з 15 сем’ямі інвалідаў па слыху ў Брэсце, цяпер шукае зацікаўленых у Гомелі. Вядома, што такія людзі таксама ёсць у Баранавічах і Пінску.

“Калі не ахінуць гэтых людзей адмысловым клопатам, то шмат гадоў яны могуць не прыступаць да сакрамэнтаў, застаючыся аддзеленымі ад гэтай крыніцы Божых ласкаў – не па сваёй злой волі, але з прычыны таго, што не могуць знайсці паразуменне з пробашчам і парафіянамі”

, - адзначыў душпастыр.

Адзін з самых няпростых для святара момантаў у служэнні глухім людзям – сакрамэнт паяднання: Кс. Юры ведае мову жэстаў яшчэ недасканала, але спраўляецца. Споведзь праходзіць у закрытым памяшканні, каб ніхто не мог пабачыць здалёк тое, аб чым ідзе гаворка. Таксама на мове жэстаў ён цэлебруе св. Імшу.

Святар дадаў, што дапамагае асобам з парушэннямі слыху перажываць сваю непаўнаспраўнасць у праўдзе Евангелля, у тым, што Бог у кожным чалавеку бачыць вялікую годнасць. Душпастыр глухіх нагадаў, што хвароба ці цярпенне могуць быць асабістай ахвярай Богу.

Кс. Юры запрашае глухіх з Брэсцкай і Гомельскай абласцей звяртацца да яго па наступных кантактах: +375 (029) 2406738 (Viber, Telegram, WhatsApp).

 

29 верасня 2020, 11:10