Пошук

Епіскапат Беларусі падчас сустрэчы з Папам у 2018 г. Ілюстрацыйнае фота Епіскапат Беларусі падчас сустрэчы з Папам у 2018 г. Ілюстрацыйнае фота 

Біскуп Яшэўскі аптымістычна пра візіт Пантыфіка ў Беларусь

“Святы Пасад – сябар Беларусі і нашага народа”, - так візіт Сакратара па сувязях Святога Пасаду з дзяржавамі пракаментаваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі.

“Апостальская Сталіца заўсёды вельмі ўважліва і добразычліва ставілася да нашай краіны, і варта нагадаць, што яна ўвесь час прасіла міжнародную супольнасць добразычліва і адкрыта глядзець на наш народ. Мы, як каталіцкія біскупы, былі вельмі рады, што арцыбіскуп Пол Рычард Галахер прыехаў у Беларусь”, - сказаў у інтэрв’ю SIR іерарх.

“Сустракаючыся з Міністрам замежных спраў, а потым і з біскупскай канферэнцыяй, ён пацвердзіў, што прыбыў, каб выказаць блізкасць Святога Айца і Святога Пасаду да беларускага народа і Каталіцкага Касцёла. Я думаю, што гэтыя словы кажуць шмат і амаль усё”, - падзяліўся біскуп Яшэўскі.

Іерарх пракаментаваў запрашэнне наведаць Беларусь, якое Міністр замежных спраў скіраваў да Папы, і меркаванне некаторых экспертаў, што сітуацыя ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў адмяняе гэтую магчымасць.

“Думаю, што гэта не так. Папы на працягу гісторыі заўсёды былі людзьмі прымірэння. Колькі разоў Пантыфікі аддавалі перавагу працэсам дыялогу і міру нават у самых складаных умовах. У нас няма песімістычнага погляду. Таму я б не сказаў, што цяперашняя сітуацыя пазбаўляе такой магчымасці. Не выключана, што Папа прыедзе і дапаможа нашаму народу знайсці шлях міру. Памятаю, калі Ян Павел II адправіўся на Кубу, (...) ён быў перакананы, што сваёй прысутнасцю можа зрабіць унёсак на карысць народа. Гэта таксама стыль Францішка – ставіць чалавека ў цэнтр сваіх думак і дзеянняў”, - лічыць біскуп.

Сакратар па сувязях Святога Пасаду з дзяржавамі знаходзіўся ў Беларусі з рабочым візітам з 11 па 14 верасня 2020 г. Ён правёў дзве афіцыйныя сустрэчы: з Міністрам замежных спраў і каталіцкімі біскупамі, падрабязнасці якіх не раскрываюцца. У афіцыйнай заяве Святога Пасаду паведамляецца, што візіт стаў “дэманстрацыяй увагі і блізкасці Святога Айца да Каталіцкага Касцёла і ўсёй краіны”.
 

15 верасня 2020, 11:52