Пошук

Vatican News
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч  

Арцыбіскуп Кандрусевіч пра немагчымасць вярнуцца ў Беларусь

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пракаментаваў сітуацыю, звязаную з немагчымасцю вярнуцца ў Беларусь. Беларускія пагранічныя службы 31 жніўня 2020 г. не дазволілі яму зрабіць гэта.

Іерарх распаўсюдзіў спецыяльны “Зварот да паствы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі”, у якім просіць маліцца “ў інтэнцыі яго хутчэйшага вяртання на Радзіму і мірнага вырашэння вострага грамадска-палітычнага крызісу ў нашай Бацькаўшчыне”.

Арцыбіскуп нагадаў, што 31 жніўня 2020 г. падчас перасячэння мяжы на пагранічным пераходзе Кузніца Беластоцкая - Брузгі без усялякіх тлумачэнняў яму было адмоўлена ў вяртанні ў Беларусь.

“Такое рашэнне пагранічных службаў мне як грамадзяніну Рэспублікі Беларусь абсалютна незразумела, бо закон Рэспублікі Беларусь (...) вызначае наступнае: “Права грамадзяніна на ўезд у Рэспубліку Беларусь не можа быць абмежавана”. Забарона на ўезд у Рэспубліку Беларусь перашкаджае мне як Ардынарыю Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў ажыццяўленні пастырскага служэння і ўдзелу ў запланаваных касцёльных мерапрыемствах”, - напісаў іерарх.

Арцыбіскуп яшчэ раз заклікаў да дыялогу і прымірэння. “Мне зусім не хочацца, каб неабгрунтаванае і беззаконнае рашэнне пагранічнай службы павялічвала напружанасць у нашай краіне”, - заявіў ён.

Старшыня епіскапату прызнаўся, што звярнуўся ў Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі з просьбай растлумачыць сітуацыю і адмяніць рашэнне аб забароне яго вяртання на Радзіму. “Спадзяюся, што гэта толькі прыкрае непаразуменне, якое ў самы кароткі тэрмін будзе выпраўлена”, - напісаў іерарх.

“Даручаючы ўсіх вас Маці Божай і нябеснаму заступніку Беларусі святому Арханёлу Міхалу, я ад усяго сэрца благаслаўляю вас у імя Айца і Сына, і Духа Cвятога”, - завяршыў заяву арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 

01 верасня 2020, 13:43