Пошук

Арцыбіскуп Яворскі і папа Ян Павел ІІ. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Яворскі і папа Ян Павел ІІ. Ілюстрацыйнае фота 

Адышоў у вечнасць кардынал Мар’ян Яворскі

5 верасня 2020 г. у Кракаве адышоў у вечнасць кардынал Мар’ян Яворскі. Арцыбіскуп Львоўскі на пенсіі і вялікі сябар св. Яна Паўла ІІ памёр на 95-м годзе жыцця.

Кардынал Яворскі нарадзіўся 21 жніўня 1926 г. у Львове. У 1950 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Вывучаў тэалогію і філасофію ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве, Люблінскім каталіцкім універсітэце і Каталіцкай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве. Займаўся выкладчыцкай і душпастырскай дзейнасцю. З 1981 па 1987 гг. – першы рэктар Папскай тэалагічнай акадэміі ў Кракаве.

У мае 1984 г. Мар’ян Яворскі быў прызначаны Апостальскім адміністратарам польскай часткі Львоўскай архідыяцэзіі, праз месяц прыняў біскупскую сакру. З 1991 г. – арцыбіскуп і Мітрапаліт Львоўскі. З 1992 па 2008 гг. – старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Украіны. Іерарх прымаў актыўны ўдзел у адраджэнні касцёльных структур і рэлігійнага жыцця ва Украіне. З 1996 па 1998 гг. – быў таксама Апостальскім адміністратарам Луцкай дыяцэзіі, а з 1997 г. – рэктарам Львоўскай духоўнай семінарыі. У 1998 г. Ян Павел ІІ надаў яму кардынальскую годнасць. У 2008 г. сышоў на пенсію, пражываў на тэрыторыі Кракаўскай архідыяцэзіі.

Пасля смерці кардынала Мар’яна Яворскага Калегія кардыналаў складаецца з 219 іерархаў, з якіх 122 маюць права голасу на канклаве.
 

06 верасня 2020, 14:24