Пошук

Vatican News
Кс. Францішак Марыя ад Крыжа (Ёган Батыста Ёрдан) Кс. Францішак Марыя ад Крыжа (Ёган Батыста Ёрдан)  

Абвешчана дата беатыфікацыі заснавальніка сальватарыянаў

15 мая 2021 г. пройдзе беатыфікацыя кс. Францішка Марыя ад Крыжа (Ёгана Батысты Ёрдана), заснавальніка Таварыства Боскага Збаўцы і кангрэгацыі Сясцёр Боскага Збаўцы.

Беатыфікацыйную св. Імшу, якая адбудзецца ў базыліцы св. Яна на Латэране ў Рыме, узначаліць кардынал Джавані Анжэла Бэчу, прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі.

Працэс беатыфікацыі кс. Францішка Марыя ад Крыжа, распачаўся ў 1942 г. У 2011 г. Бэнэдыкт XVI ухваліў дэкрэт аб прызнанні гераічнасці яго цнотаў, а 20 чэрвеня 2020 г. Францішак ухваліў дэкрэт аб прызнанні цуда, здзейсненага праз заступніцтва гэтага нямецкага святара, руплівага пастыра і місіянера.

Ёган Батыста Ёрдан нарадзіўся ў 1848 г. у Германіі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1878 г. Праз тры гады заснаваў у Рыме Апостальскае Таварыства Настаўніка, якое ў 1882 г. пераўтварылася ў манаскую супольнасць Таварыства Божага Збаўцы (сальватарыяне). У 1888 г. пры ўдзеле бл. Марыі ад Апосталаў заснаваў яе жаночую галіну – кангрэгацыю Сясцёр Боскага Збаўцы (сальватарыянкі). Ёган Батыста Ёрдан памёр у 1918 г. у Германіі. У 1956 г. яго парэшткі былі перавезены ў Генеральны дом Таварыства Божага Збаўцы ў Рыме. У 1975 г. была заснавана Міжнародная Супольнасць Божага Збаўцы – свецкая галіна духоўных паслядоўнікаў кс. Ёрдана.

У Беларусі сальватарыяне працуюць толькі ў Віцебскай дыяцэзіі – у Браславе, Урбанах, Слабодцы і Віцебску.
 

09 верасня 2020, 12:51