Пошук

Vatican News
Францішак і аргентынскія вернікі. Ілюстрацыйнае фота Францішак і аргентынскія вернікі. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец напісаў да вернікаў аргентынскай парафіі

Святы Айцец скіраваў пасланне да парафіі св. Раймунда Ноната ў Буэнас-Айрэсе з нагоды распачацця малітоўнай падрыхтоўкі да літургічнага ўспаміну яе нябеснага заступніка. Ён будзе адзначацца 31 жніўня 2020 г.

“Я памятаю пра мае сустрэчы ў вас у такія святочныя дні, пра благаслаўленне маці, дзяцей, сужэнскіх пар, якія маліліся аб дзіцяці... Гэта сапраўды гімн жыццю, якое прыходзіць”, - узгадаў Францішак у звароце да аргентынскіх вернікаў.

Пантыфік распавёў, што таксама і падчас аўдыенцый у Ватыкане, калі людзі просяць яго аб малітве аб дары дзіця і благаслаўленні, ён заўсёды кажа ім маліцца праз заступніцтва св. Раймунда.

Спасылаючыся на пачатак навэны да святога, Пантыфік пажадаў вернікам цудоўных урачыстасцей, нягледзячы на абмежаванні, звязаныя з пандэміяй COVID-19. “Я ўпэўнены ў тым, што ласкаў, міру, здароўя і плоднасці будзе вельмі шмат”, - дадаў ён.

Дэвіз сёлетніх урачыстасцей: “Разам са св. Раймундам будзем трываць у надзеі”. Галоўную літургічную цэлебрацыю ва ўспамін нябеснага заступніка парафіі ўзначаліць кардынал Марыа Полі, арцыбіскуп Буэнас-Айрэса.

Св. Раймунд Нонат жыў у ХІІІ ст. Яго мянушка літаральна перакладаецца як “ненароджаны”. Гэта звязана з тым, што ён з’явіўся на свет з дапамогай кесарава сячэння, пасля таго, як яго маці памерла падчас родаў. Св. Раймунд быў генеральным настаяцелем Ордэна мэрседарыяў і кардыналам. З’яўляецца нябесным апекуном акушэрак.

Францішак часта наведваў парафію ў яго гонар у аргентынскай сталіцы, калі быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса.
 

21 жніўня 2020, 11:53