Пошук

Vatican News
Брат Алаіз Лозэр з удзельнікі малітоўнай сустрэчы. Ілюстрацыйнае фота Брат Алаіз Лозэр з удзельнікі малітоўнай сустрэчы. Ілюстрацыйнае фота 

Супольнасць Тэзэ адзначае 80-годдзе

Пра спадчыну і актуальнасць місіі Супольнасці Тэзэ, створанай 80 гадоў таму, яе прыёр, брат Алаіз Лозэр, распавёў у інтэрв’ю ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano”.

Законнік нагадаў, што Супольнасць узнікла ў 1940 г. па асабістай ініцыятыве брата Ражэ Шутца. Яе штогадова наведваюць тысячы маладых людзей не толькі з Еўропы, але з усіх кантынентаў, што стала важным этапам эвалюцыі дзейнасці духоўнага асяродка.

Брат Алаіз нагадаў, што пасля Другой Сусветнай вайны ў Тэзэ манахі аказалі гасціннасць многім бежанцам, нягледзячы на тое, што самі жылі ў вельмі сціплых умовах. Увага да гэтай катэгорыі людзей застаецца важнай часткай служэння Супольнасці і ў нашыя дні.

Законнік заўважыў, што на самым пачатку члены Супольнасці Тэзэ жылі за кошт працы на полі. “Сёння мы таксама зарабляем на жыццё ўласнымі рукамі, рознымі спосабамі, не прымаючы каштоўных дароў. Нас натхняе Рэгула, якую наш заснавальнік напісаў на пачатку 1950-х гг. Ён пакінуў сваім братам духоўныя парады, сярод якіх я хацеў бы вылучыць дзве: жаданне прысутнічаць у нашым часе, будучы заўсёды ўважлівымі да выклікаў, якія скіроўвае да нас Евангелле; а таксама пошук еднасці паміж хрысціянамі, не ў якасці самамэты, але сведчання Евангелля, сродку дасягнення міру для ўсяго чалавецтва”, - сказаў брат Алаіз.

Прыёр заўважыў, што члены Супольнасць Тэзэ з’яўляюцца глыбока ўкаранёнымі ў малітве і абавязкова збіраюцца разам тройчы на дзень, каб праслаўляць Бога і ўзносіць да Яго свае просьбы.

“Кожны вечар у касцёле, пасля супольнай малітвы, разам з братамі мы знаходзімся ў распараджэнні ўсіх, хто хоча паразмаўляць сам на сам. Мяне ўражвае глыбіня прагі духоўнасці, якую маюць многія з іх...”, - прызнаўся манах. Ён звярнуў на гарачае жаданне сучаснай моладзі прымаць удзел у вырашэнні глабальных праблем, у тым ліку экалагічных. “Нам трэба быць побач з імі і дапамагаць ім устанавіць сувязь з верай. Яны часта чакаюць ад Касцёла моцных слоў адносна гэтых спраў”, - дадаў брат Алаіз.

Супольнасць Тэзэ, знаходзіцца ў аднайменнай вёсцы ў французскай Бургундыі. Яна складаецца з каля ста манахаў – католікаў і пратэстантаў – з больш чым трыццаці краін свету. Сваім жыццём яны хочуць засведчыць хрысціянскае адзінства перад абліччам падзелаў, якія існуюць паміж народамі.

Штогадова, асабліва ў летні перыяд, Тэзэ наведваюць тысячы пілігрымаў, якія жадаюць правесці час у цішыні і разважанні над Божым словам. У навагодні час Супольнасць арганізуе агульнаеўрапейскія сустрэчы ў адным з буйных гарадоў кантынента. Сёлета яна павінна была адбыцца ў італьянскім Турыне, але была адкладзена па прычыне пандэміі каронавіруса.
 

20 жніўня 2020, 15:05