Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Рэакцыя кардынала на спробы тэалагічна апраўдаць суіцыд

Старшыня-эмерыт Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардынал Вальтэр Каспер выказаўся катэгарычна супраць тэалагічнага абгрунтавання права на суіцыд.

“Кожны, хто хоча патрабаваць права на самазабойства, спасылаючыся на самавызначэнне, дадзенае чалавеку Богам, здзяйсняе прынцыповую памылку, успрымаючы гэта самавызначэнне абстрактна, у адрыве ад канкрэтнай жыццёвай і сацыяльнай сітуацыі”, - заявіў нямецкі кардынал у інтэрв’ю Die Tagespost.

Іерарх падкрэсліў, што задачай Касцёла з’яўляецца “суправаджэнне паміраючага чалавека ў апошняй фазе яго зямнога жыцця” і ніколі не актыўная дапамога ў суіцыдальнай смерці.

Свабода – гэта “заўсёды таксама свабода іншых”, аргументаваў кардынал і заявіў: “Свабода можа ажыццяўляцца толькі ў вольным, клапатлівым, жывым і прыязным сацыяльным кантэксце, у якім годнасць кожнага чалавека падкрэсліваецца ў яго сутнасці, а каштоўнасць кожнага чалавека не залежыць ад прадукцыйнасці, прадуктыўнасці і ўзросту. Толькі такім чынам можна прадухіліць адчуванне, што ваша жыццё больш нічога не варта і таму вы можна скончыць з ім і выкінуць яго”.

Паводле вядомага нямецкага тэолага, Касцёл у гэтым кантэксце выконвае ролю апекуна, своечасова заўважае складаную сітуацыю чалавека і з’яўляецца выразнікам волі, памочнікам і абаронцам жыцця.

Клопат пра паміраючых і іх суправаджэнне можна ажыццяўляць, напрыклад, шляхам пашырэння і ўзмацнення паліятыўнай тэрапіі і працы ў хоспісах, праз дабрачыннасць і духоўнае кансультаванне або праз тэлефонную душпастырскую дапамогу: праз дзейнасць, якая зможа гарантаваць медыцынскую і псіхалагічную, а часта таксама практычную дапамогу.

Так кардынал Каспер адрэагаваў на нядаўнюю заяву лютэранскага епіскапа з Гановера Ральфа Майстэра, які лічыць самагубства прымальным з хрысціянскага пункту гледжання і імкнецца абгрунтаваць гэта тэалагічна. У адрозненне ад католікаў і большасці прадстаўнікоў пратэстанцкіх супольнасцей, а таксама шматлікіх урачоў, епіскап выступае за магчымасць прызначэння людзям смяротнага леку на іх просьбу.

Прычынай заявы стаў той факт, што ў лютым Федэральны канстытуцыйны суд Германіі ў Карлсруэ адмяніў пункт у нямецкім крымінальным кодэксе, на падставе якога ў 2015 г. Бундэстаг забараніў аплачаную падтрымку суіцыдальнай смерці.
 

27 жніўня 2020, 11:55