Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Марскому душпастырству – 100: пра выклікі і перспектывы

Сёлета каталіцкае марское душпастырства Stella Maris, якое клапоціцца пра маракоў амаль ва ўсіх партах свету, адзначае сваё 100-годдзе. Пра выклікі, якія стаяць перад асацыяцыяй распавёў кс. Бруна Чычэры.

Святар, які ўзначальвае адпаведны аддзел у Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, нагадаў, што марскі свет уключае ў сябе перавозку тавараў і сыравіны, рыбалоўства і індустрыю адпачынку. Гэта ўсё складае каштоўны і неабходны аспект сусветнай эканомікі. У той жа час маракі і рыбакі працуюць у вельмі складаных і рызыкоўных умовах, якія пагоршыліся ў выніку пандэміі COVID-19.

На працягу гэтага года папа Францішак тройчы выступаў у падтрымку маракоў і рыбакоў, прысвячаючы ім, у прыватнасці, малітоўную інтэнцыю на жнівень.

“Я думаю, што галоўная прычына, па якой Святы Айцец выяўляе такую блізкасць да людзей мора, заключаецца ў тым, што гэта адна з “перыферый”, дзе знаходзіцца Касцёл, дзе ён працуе”

, - лічыць супрацоўнік Дыкастэрыі.

“Жыццё марака само па сабе вымотвае. Таму што прымушае заставацца далёка ад сям’і на працягу 8-10 месяцаў. З прыходам пандэміі межы закрытыя, самалёты не лётаюць... Маракі трапілі ў пастку на караблях, і іх 8-10 месяцаў ператварыліся ў 14-16. У цяперашні час каля 200 тыс. марскіх работнікаў застаюцца на караблях, паколькі няма магчымасці змены экіпажа”, - патлумачыў кс. Чычэры.

Святар звярнуў увагу на тое, што каталіцкае душпастырства Stella Maris выкарыстоўвае ўсе формы падтрымкі, пачынаючы з духоўнай і завяршаючы дапамогай у бытавых пытаннях.

Нагадаем, што каталіцкая марская апостальская служба дзейнічае ў больш чым 300 партах у 55 краінах свету, прапануючы духоўную і матэрыяльную дапамогу шматлікім маракам, рыбакам і іх сем’ям.
 

21 жніўня 2020, 12:15