Пошук

Ян Павел ІІ Ян Павел ІІ 

Лурд узгадвае апошні Апостальскі візіт св. Яна Паўла II

“Хрысціянства – гэта крыніца жыцця, а Марыя – першая Ахоўніца гэтай крыніцы”: такім настаўленнем 16 гадоў таму св. Ян Павел II суправадзіў сваё апошняе Апостальскае падарожжа – у французскі Лурд.

Марыя просіць “адкінуць пыху, зрабіцца пакорнымі, каб чэрпаць з міласэрнасці Яе Сына і рабіць унёсак у будучыню цывілізацыі любові”, казаў св. Ян Павел II у гаміліі, якую прамовіў падчас набажэнства ў санктуарыі ў Лурдзе 15 жніўня 2004 г. – ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Днём раней, 14 жніўня, пасля працэсіі са свечкамі на тэрыторыі французскага санктуарыя, Папа казаў пра пераслед хрысціян. Здавалася б, што гэта праблема мінулага, аднак св. Ян Павел II быў дальнабачным, таму і казаў пра гэта ў Францыі – на Захадзе, які пачынаў адыходзіць ад хрысціянства, зазнаючы ўсе тыя “цяжкасці, якія прысутнічаюць у жыцці паводле веры”.

“Яны вынікаюць не толькі са знешніх абмежаванняў свабоды, з чалавечага прымусу, з законаў або з рэжымаў. Яны могуць узнікаць і са звычак, светапоглядных плыняў, супрацьлеглых евангельскай традыцыі, якія аказваюць моцны ціск на ўсіх членаў грамадства. Гаворка ідзе таксама пра атмасферу матэрыялізму і рэлігійнай абыякавасці, якая заглушае духоўныя памкненні, або пра ілжывую і індывідуалістычную ідэю свабоды, якая блытае магчымасць выбару любой рэчы, каб толькі яна задавальняла пачуцці, з імкненнем як мага лепш рэалізаваць чалавечае пакліканне, уласны духоўны лёс і ўсеагульнае дабро”, - перасцерагаў Пантыфік.

Моладзь, якая ў тыя дні прыбыла ў Лурд на сустрэчу з Папам, св. Ян Павел II заклікаў не губляць надзеі, бо яна “з’яўляецца працягам веры”.

“Сёння многія разгублены, занепакоеныя і непадрыхтаваныя перад абліччам напружанняў нашай эпохі (...). Некаторыя адчуваюць сябе непатрэбнымі ў састарэлым свеце, няздольнымі нічога зрабіць у замкнёным свеце (...). Аднак Бог паказвае нам, чаго мы найперш павінны ў Яго прасіць: Духа Святога, Яго Духа, які абнаўляе аблічча зямлі, таму што абнаўляе нашыя душы, нашае сэрца”, - сцвердзіў св. Ян Павел II.

За перыяд свайго пантыфікату ён не раз наведваў Лурд. Пакідаючы яго ў 1983 г., Папа, між іншым, заўважыў, што марыйны культ – галоўны ў яго жыцці і што ён хацеў бы залучыць увесь Касцёл у малітву да Маці Божай.

“Малітва – гэта першае заданне і першая пропаведзь Папы; гэта першая ўмова майго служэння ў Касцёле і свеце”

, - сказаў ён тады.

Вярнуўшыся ў Лурд у 2004 г., св. Ян Павел II заўважыў, што сваімі словамі і сваім маўчаннем Беззаганная Дзева Марыя з’яўляецца для нас узорам на нашым шляху.

“Гэта нялёгкі шлях: па віне нашых прабацькоў чалавецтва нясе ў сабе рану граху, наступствы якога адчуваюцца нават у народзе адкупленым. Аднак зло і смерць не будуць мець апошняга слова! Марыя пацвярджае гэта ўсім сваім існаваннем, як жывая сведка перамогі Хрыста, нашай Пасхі”, - запэўніў хрысціян усяго свету св. Ян Павел II.
 

18 жніўня 2020, 15:14