Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Кантынентальная малітва за Беларусь

У мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены 18 жніўня 2020 г. вечарам прайшла малітва за Беларусь з удзелам прадстаўнікоў хрысціянскіх канфесій, юдаізму і ісламу.

Гэта быў адказ мясцовага Касцёла на заклік да кантынентальнай малітвы за Беларусь з боку Выканаўчага камітэта Еўрапейскай канферэнцыі каталіцкіх камісій па пытаннях справядлівасці і міру Iustitia et Pax.

Набажэнства распачалося ў 19.00 па мясцовым часе. Вітаючы сабраных, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на важнасць малітвы “Ойча наш”, якая не толькі аб’ядноўвае ўсіх хрысціян, але і падкрэслівае агульны характар тых, хто яе чытае.

Старшыня беларускага каталіцкага епіскапату выказаў агульную інтэнцыю малітвы, каб Беларусь развівалася мірным шляхам, для чаго існуюць усе перадумовы, бо на гэтай зямлі здаўна ў міры і згодзе жывуць прадстаўнікі розных хрысціянскіх веравызнанняў і розных рэлігій.

Адначасова з Мінскам у многіх рэгіёнах Еўропы маліліся за Беларусь. 17 жніўня 2020 г. Выканаўчы камітэт Еўрапейскай канферэнцыі каталіцкіх камісій па пытаннях справядлівасці і міру выступіў з адмысловай заявай аб сітуацыі ў Беларусі, заклікаючы католікаў кантынента разам маліцца за яе народ.

У ёй асуджаюцца любыя формы насілля і прымяненне катаванняў з боку беларускіх уладаў супраць затрыманых дэманстрантаў. Гучыць заклік неадкладна вызваліць усіх арыштаваных без аніякіх абгрунтаванняў. Да палітычнага кіраўніцтва скіраваны заклік “прытрымлівацца дэмакратычных прынцыпаў і ў поўнай меры паважаць правы чалавека, уключна з правам на жыццё, свабоду сходаў, прэсы і выказвання меркаванняў”.

Еўрапейскі камітэт Iustitia et Pax выказаў салідарнасць з каталіцкімі біскупамі Беларусі ў іх закліку шукаць праўду, заснаваную на мірным і ўсеагульным дыялогу паміж беларускімі палітычнымі лідарамі і грамадствам у цэлым, каб пазбегнуць далейшага насілля.

18 жніўня 2020 г. вечарам, па дарозе ў Чырвоны касцёл, арцыбіскуп Кандрусевіч затрымаўся на малітву каля следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Ён разам з сабранымі там людзьмі, якія пратэстуюць супраць незаконных затрыманняў, памаліўся адну таямніцу Ружанца. Людзі падзякавалі іерарху за яго пазіцыю ў адносінах да незаконна затрыманых на мірных акцыях пратэсту.
 

19 жніўня 2020, 12:40