Пошук

Капліца Крыві Хрыстовай пасля пажару Капліца Крыві Хрыстовай пасля пажару 

Францішак пакутуе разам з Касцёлам у Нікарагуа

Пантыфік падтрымаў нікарагуанскіх вернікаў. У Манагуа невядомы ўчыніў пажар у катэдральным касцёле: у выніку знішчаны старадаўні круцыфікс.

“Я думаю пра народ Нікарагуа, які пакутуе ад нападу на манагуаскую катэдру, у выніку якога быў вельмі пашкоджаны, амаль знішчаны, вобраз Хрыста, які тут ушаноўваюць і які суправаджае і падтрымлівае жыццё вернага народу на працягу стагоддзяў. Дарагія браты з Нікарагуа, я з вамі, малюся за вас”, - сказаў Францішак 2 жніўня 2020 г. падчас нядзельнай сустрэчы з вернікамі на “Анёл Панскі”.

Зьнішчаны круцыфікс звязаны з памяццю св. Яна Паўла ІІ: ён маліўся перад ім падчас візіту ў 1996 г.

Невядомы кінуў “кактэйль Молатава” ў адну з капліц катэдры – капліцу Крыві Хрыстовай. У выніку ўспыхнуў пажар, які нанёс значны ўрон. Яго ўдалося патушыць даволі хутка, абышлося без параненых.

Архідыяцэзія заявіла, што гаворка ідзе пра старанна спланаванае злачынства, учыненае дасведчаным падпальшчыкам. Высунутая некаторымі версія аб выпадковым узгаранні была адхілена.

Нікарагуанскі епіскапат адзначае, што гэты падпал стаў чарговай блюзнерскай акцыяй, накіраванай супраць касцёльнай маёмасці. Гэта сведчыць пра нянавісць да Каталіцкага Касцёла і да яго прапаведавання.

За апошнія месяцы ў Нікарагуа мелі месца некалькі выпадкаў вандалізму, накіраванага на каталіцкія храмы.
 

02 жніўня 2020, 12:49