Пошук

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч  

Арцыбіскуп Кандрусевіч: вучэнне Касцёла ў падставе выбару

Касцёл нагадвае, што ўдзел у выбарах з’яўляецца праяўленнем адказнасці і сталасці ў будаванні будучыні нашай краіны, - напісаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім адмысловым пасланні.

“Паводле прынцыпаў сацыяльнага вучэння, Касцёл не атаясамліваецца ні з якой палітычнай сілай і, у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, не выконвае палітычных функцый, а служыць усім людзям і таму не можа выказвацца за таго ці іншага кандыдата”, - адзначыў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды хуткіх прэзідэнцкіх выбараў.

Будучыня залежыць ад нас, і сёння мы яе выбіраем. Пры гэтым выбар павінен здзяйсняцца не пад уплывам эмоцый, але быць плёнам сталага роздуму, згоднага з сумленнем і адпаведным распазнаннем, як кажа Папа Францішак

, - гаворыцца ў тэксце.

Іерарх залікаў католікаў узяць пад увагу адносіны кандыдатаў да сацыяльнага вучэння Касцёла, агульначалавечых каштоўнасцей, маральных прынцыпаў. Ён прапанаваў некалькі крытэрыяў ацэнкі кандыдатаў: наколькі яны падтрымліваюць інстытут сям’і і шануюць яе як адзіны і неразрыўны саюз мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, нараджэння і выхавання патомства; абараняюць Божы дар жыцця ад зачацця да натуральнай смерці; цэняць свабоду веравызнання; выступаюць за сацыяльную справядлівасць...

“Ці можа наша сінявокая Беларусь быць адзінай сям’ёй, у якой усе любяць і паважаюць адзін аднаго? Ці мы, сыны і дочкі адной Маці-Радзімы, можам бачыць адно ў адным сваіх братоў і сясцёр? Ці здольныя мы дасягнуць такіх жаданых адзінства і згоды ў нашым грамадстве?”

, - задаецца пытаннямі іерарх.

Адказ, паводле арцыбіскупа Кандрусевіча, знаходзіцца ў залатым этычным правіле рэлігійных і філасофскіх вучэнняў Захаду і Усходу, якое ляжыць у аснове ўсіх сусветных рэлігій: “Не рабі іншым таго, чаго не жадаеш сабе, і паступай з іншымі так, як хацеў бы, каб паступалі з табой”. Ён называе гэта “відавочным духоўным стандартам і спосабам узаемадзеяння для мірнага суіснавання розных меркаванняў”.

“У лёсавызначальны час нашай гісторыі і ў імя шчаслівай і мірнай будучыні Беларусі перадвыбарчая кампанія і самі выбары павінны адбывацца ў духу ўзаемапавагі да апанентаў са свабодным волевыяўленнем народа для агульнага дабра нашага грамадства”

, - гаворыцца ў заяве старшыні беларускага епіскапату.

Тэкст завяршаецца просьбай да Багародзіцы: “Няхай Апякунка Беларусі Божая Маці Будслаўская выпрасіць у Бога такую патрэбную нашаму народу ласку ўзаемнай любові і павагі да кожнага чалавека, каб у разнастайнасці будавалася адзінства, як вучыць св. папа Ян Павел ІІ”.
 

01 жніўня 2020, 14:11