Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Кандрусевіч для Vatican News пра падзеі ў Беларусі

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Беларусі, спаслаўся на апошнія падзеі ў краіне ў сваёй заяве для Vatican News.

Вялікая частка беларускага грамадства не згодная з сітуацыяй у краіне. Людзі патрабуюць новых выбараў. У Мінску і іншых гарадах прайшлі масавыя маніфестацыі. Усё больш людзей выходзяць на вуліцы, дэманструючы сваю незадаволенасць.

“Добра, што гэтыя дэманстрацыі прайшлі мірна. На вуліцах Мінска было шмат войска, але ніхто не быў затрыманы, нікога не арыштавалі. Прынамсі, СМІ пра гэта не кажуць. І гэта добра. Аднак нас крыху турбуе пытанне з Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, бо ўчора ўпершыню не адбылася трансляцыя св. Імшы з катэдры”, - паведаміў іерарх.

Ён прызнаўся, што раней супрацоўнікамі радыё было прапанавана зрабіць запіс, але прадстаўнікі Касцёла адмовіліся, паколькі лічаць, што літургія павінна адбывацца ў прамым эфіры.

“У суботу ў Гродне Прэзідэнт вельмі строга паставіўся да каталіцкіх і праваслаўных святароў, заклікаючы іх не займацца палітыкай. Але тут ніхто не займаецца палітыкай. Мне хочацца паўтарыць гэта яшчэ раз, таму што мы ўжо гаварылі пра гэта, расколы ў дзяржаве растуць, асабліва негатыўныя, магчыма, нават варожыя ў дачыненні да сілавых структур, і гэта ўзмацняецца. Некаторыя члены сем’яў, асабліва жонкі салдат і афіцэраў, звяртаюцца да нас з просьбай заклікаць людзей да непрымянення насілля. Гвалту няма, але ёсць абразы. На плакатах, з якімі ходзяць дэманстранты, напісана: “Мы не забудземся”, што сведчыць пра адсутнасць хрысціянскага прабачэння”, - сказаў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі ў каментары для Vatican News.
 

25 жніўня 2020, 11:23