Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад на прагрэсіўных пазіцыях па абароне непаўналетніх

Ватыканскі “Даведнік па працэдурах расследавання выпадкаў сексуальных злоўжыванняў”, будзе асабліва карысным у тых краінах, дзе няма юрыдычных экспертаў па гэтым пытанні.

Такое меркаванне выказаў кс. Ханс Цольнэр, кіраўнік Цэнтра абароны непаўналетніх Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта. Езуіт – адзін з вядучых касцёльных экспертаў у галіне прафілактыкі злоўжыванняў у Каталіцкім Касцёле. Шэсць гадоў ён быў членам Папскай камісіі па абароне непаўналетніх. У інтэрв’ю Vatican News святар заўважыў, што Vademecum не ўключае ў сябе ніякіх прававых новаўвядзенняў.

“Дапаможнік – гэта тлумачэнне працэдурных рэкамендацый, практычнае кіраўніцтва для ўсіх, хто займаецца выпадкамі злоўжыванняў”

, - адзначыў эксперт.

Дакумент Кангрэгацыі Веравучэння перш за ўсё запаўняе прабелы ў практыцы, - дадаў нямецкі езуіт. Гаворка ідзе пра працэдуры, якія непасрэдна звязаны з абвінавачаннем і з правядзеннем судовага разбору.

“Дапаможнік не закранае наўпрост іншыя правапарушэнні, такія як утойванне ці стварэнне перашкоды. У ім, аднак, гаворыцца, што Кангрэгацыя Веравучэння займаецца выпадкамі ўтойвання, калі ўзнікаюць іншыя юрыдычныя формы і іншыя юрыдычныя асобы”, - патлумачыў кс. Цольнэр.

Сапраўды, тэкст не “лёгка засваяльны”, асабліва для тых, хто не знаёмы з юрыдычнай мовай. “Але былі зроблены намаганні, каб зрабіць яго зразумелым нават для тых, хто не юрыст”, - падкрэсліў эксперт.

“Я перакананы, што гэта дапаможа ўсім, хто недастаткова знаёмы з тэмай і не можа лёгка разлічваць на дапамогу спецыялістаў. Для многіх людзей, аднак, гэтая тэма застаецца сур’ёзнай перашкодай”

, - падкрэсліў законнік.

Vademecum рэкамендуе супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі. Кс. Цольнэр нагадаў, што ў пункце 7 гаворыцца, што нават калі не існуе відавочных юрыдычных абавязацельстваў, касцёльная ўлада павінна паведаміць кампетэнтныя дзяржаўныя органы пра любы выпадак, калі палічыць неабходным абараніць ахвяру ці іншых непаўналетніх ад рызыкі наступных злачынстваў. Езуіт падкрэсліў, што гэты запіс выходзіць за рамкі сказанага да гэтага часу.

Дадзены пункт святар лічыць вельмі важным, паколькі прыблізна ў трох чвэрцях усіх краін свету не існуе абавязку паведамляць аб выпадках злоўжыванняў. Гэты запіс сведчыць пра прагрэсіўнасць Касцёла ў пытанні абароны непаўналетніх.
 

21 ліпеня 2020, 13:27