Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пандэмія: у Італіі думаюць пра новыя формы парафіяльнага жыцця

Кіраўніцтва Канферэнцыі Біскупаў Італіі звярнулася да ўсіх дыяцэзій у краіне з пасланнем аб аднаўленні душпастырскай працы і заклікам да рэфлексіі аб яе трансфармацыі з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі.

Каронавірус пакуль не пераможаны, а значыць, вяртанне да звычайнага касцёльнага жыцця павінна быць паступовым і абмежаваным мерамі абароны здароўя, - адзначыў прэзідыум епіскапату.

Аўтары прапануюць распрацаваць формы парафіяльнага жыцця, які б спрыялі больш шырокаму ўдзелу ў ім бацькоў, моладзі і пажылых, у тым ліку гаворка ідзе пра нядзельную Эўхарыстыю.

Іерархі адзначылі некаторую “разгубленасць” у парафіях пасля перыяду каранціну, хоць святары і катэхеты нягледзячы ні на што здолелі захаваць кантакты з людзьмі, звяртаючыся да лічбавых тэхналогій.

Натхняльным для разважанняў аб душпастырскай працы ў новых умовах можа стаць выхад абноўленай італьянскай версіі Імшала, запланаваны на пачатак новага літургічнага года, на канец лістапада.

Што тычыцца здзяйснення сакрамэнтаў, італьянскі епіскапат канстатуе, што для гэтага няма ніякіх перашкод, у тым ліку ў выпадку сакрамэнтаў хрысціянскай ініцыяцыі – хросту і канфірмацыі. Іх варта ўдзяляць у супольнасці “з годнасцю і стрыманасцю”.

Кіраўніцтва епіскапату ўдакладняе, што на дадзеным этапе пандэміі канфірмацыя можа ўдзяляцца з дапамогай ватовага тампона або сурвэткі, асобных для кожнага бежмаванага. Такія ж меры засцярогі варта прыняць падчас хросту і сакрамэнту хворых.

Біскупская канферэнцыя паведамляе таксама, што яна чакае ўказанняў ад Міністэрства ўнутраных спраў Італіі адносна магчымасці прысутнасці ў храмах хораў, а ад рэгіянальных навукова-тэхнічных камітэтаў – указанняў па магчымасці павелічэння максімальнай колькасці вернікаў на набажэнствах.

Досвед пандэміі не дазваляе вярнуцца да ранейшых форм касцёльнага жыцця – пішуць у канцы паслання кіраўнікі епіскапату, – таму неабходна падумаць над новымі формамі і вызначыць прыярытэты, якія павінны фарміраваць аблічча мясцовага Касцёла ў бліжэйшай будучыні.
 

25 ліпеня 2020, 12:47