Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Касцёльная Канферэнцыя Амазоніі – адказ на плач планеты і бедных

Касцёльная Канферэнцыя Амазоніі паклікана стаць адпаведным адказам на крык бедных і сястры-маці Зямлі, - перакананы бразільскі біскуп Нэры Жазэ Тандэла.

У інтэрв’ю Vatican News пастыр дыяцэзіі Жуіна нагадаў, што мэта стварэння Канферэнцыі заключаецца ў ажыццяўленні вынікаў Спецыяльнай Асамблеі Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне, якая ў кастрычніку 2019 г. праходзіла ў Ватыкане.

Іерарх, які прымаў актыўны ўдзел у стварэнні новай арганізацыі, распавёў, што компасам у яе дзеянні стане вучэнне Папы. Яна будзе грунтавацца на шматлікіх дакументах Святога Айца, уключаючы яго Апостальскую адгартацыю “Evangelii Gaudium” і энцыкліку “Laudato si’”. У аснове дзейнасці арганізацыі будуць знаходзіцца таксама пастанаўленні V Канферэнцыі епіскапатаў краін Лацінскай Амерыкі, якая праходзіла ў 2007 г. у Апарэсідзе.

Стварэнне структуры дэманструе ўвагу Касцёла да народаў Амазоніі. Паводле біскупа Тандэлы, “у першую чаргу карэнныя народы гэтага рэгіёну маюць патрэбу ў блізкасці Касцёла для вырашэння праблем, якія сталі неадкладным і адказ на якія трэба даць як мага хутчэй, кіруючыся перш за ўсё любоўю”.

Касцёльная Канферэнцыя Амазоніі мае таксама іншую мэту: ажыццяўленне рашэнняў Сінода Біскупаў, якія былі вельмі канкрэтнымі. Заснаванне Канферэнцыі само па сабе з’яўляецца плёнам выніковага дакумента сінадальнай асамблеі і паслясінадальнай адгартацыі Францішка “Querida Amazonia”.

Біскуп Тандэла перакананы, што неабходна рэалізаваць на практыцы рашэнні Сінода, каб быць “адказнымі перад Евангеллем і народамі Амазоніі, якія занеслі свой крык аб дапамозе ў самае сэрца Сінода”.

Касцёльная Канферэнцыя Амазоніі была заснавана на падставе выніковага дакументу Сінода. Яго 115 пункт прадугледжвае “стварэнне біскупскага органу, які будзе развіваць сінадальнасць паміж Касцёламі рэгіёну”.

Старшынёй Канферэнцыі быў выбраны кардынал Клаўдыё Хумэс з Бразіліі, віцэстаршынёй – біскуп Давід Марцінэс Дэ Агуірэ з Перу. Абодва адыгралі важную ролю ў кастрычніцкім сінадальным пасяджэнні: першы – як Генеральны рэлятар, другі – як адзін з двух Спецыяльных сакратароў. У склад Выканаўчага камітэту структуры ўвайшлі як касцёльныя іерархі, так і прадстаўнікі карэнных народаў Амазоніі.

Касцёльная Канферэнцыя Амазоніі будзе блізка супрацоўнічаць з Радай Біскупскіх Канферэнцый Лацінскай Амерыкі і Панамазонскай Касцёльнай Сеткай. Праект адпавядае закліку Францішка адносна большай дэцэнтралізацыі, таму атрымаў станоўчую адзнаку з яго боку.
 

06 ліпеня 2020, 11:21