Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал падзяліўся ўспамінамі пра візіт Францішка на Лампедузу

Лампедуза для Францішка стала зыходным пунктам для пілігрымавання, якое ён працягвае па свеце з увагай да ўсіх адрынутых глабалізацыяй абыякавасці, - лічыць кардынал Франчэска Монтэнэгра.

Сіцылійскі іерарх суправаджаў Святога Айца падчас яго візіту на Лампедузу ў 2013 г. З нагоды сёмай гадавіны гэтага гістарычнага падарожжа ён падзяліўся з Vatican News сваімі ўспамінамі.

Кардынал Монтэнэгра прызнаўся, што да таго моманту не сустракаўся з Францішкам, не ведаў яго. “Мяне ўразіла тое, як падчас падарожжа на караблі ён з цікавасцю і ўвагай глядзеў на ўсіх людзей, якія нас суправаджалі”, - сказаў арцыбіскуп Агрыджэнта.

“Калі мы прыбылі на месца, дзе ён павінен быў кінуць у мора вянок з кветак, на ўспамін усіх, хто загінуў у хвалях Міжземнага мора, мяне ўразіла як ён устаў і абстрагаваўся ад усяго і ўсіх. На сушы было шмат людзей, якія крычалі і віталі яго, вакол нашага карабля было шмат іншых лодак, але ён быў глыбока засяроджаны. Потым ён кінуў вянок і вярнуўся ў сябе”, - падзяліўся іерарх.

Францішак асабіста хацеў прывітаць усіх гасцей цэнтра прыёму мігрантаў і коратка паразмаўляць з кожным з іх. Папа быў глыбока ўражаны пакутамі і цярпеннямі, якія давялося перажыць гэтым людзям. “Ён з’яўляецца чалавекам, які ў той дзень вырушыў у пілігрымку, паглядзеў сэрцам і працягвае гэта рабіць дагэтуль”, - перакананы кардынал Франчэска Монтэнэгра.

Візіт Папы на Лампедузу стаў яго першым падарожжам за межы Рыма пасля абрання на Пасад св. Пятра.
 

09 ліпеня 2020, 11:41