Пошук

Кардынал Пьетра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Пьетра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Паралін адведае санктуарыі ў Арсе і Лурдзе

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы здзейсніць першае падарожжа за межы Італіі з пачатку пандэміі каронавіруса. Ён накіруецца ў Францыю, дзе адведае два санктуарыі – у Лурдзе і Арсе.

4 жніўня 2020 г. кардынал Пьетра Паралін прыбудзе ў Арс, дзе прыме ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды літургічнага ўспаміну св. Яна Марыі Віянэя, апекуна пробашчаў і духоўных кіраўнікоў, служэнне якога звязана галоўным чынам з гэтым французскім мястэчкам недалёка ад Ліёна.

Пасля св. Імшы іерарх прыме ўдзел у канферэнцыі на тэму: “Папа Францішак і святары на шляху з Божым народам”, а таксама адкрые памятны маршрут, прысвечаны Слузе Божаму кардыналу Эмілю Біяндзе – кангалезскагу іерарху, які часта прыязджаў у Арс чэрпаць духоўныя сілы падчас вучобы ў Ліёнскім універсітэце і візітаў у Францыю.

15 жніўня Дзяржсакратар накіруецца ў марыйны санктуарый у Лурдзе, дзе узначаліць Эўхарыстыю з нагоды ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Літургія стане кульмінацыяй агульнацыянальнай французскай пілігрымкі ў гэта святое месца.

“Візіт кардынала Пьетра Параліна стане выразам падтрымкі для санктуарыя, які з прычыны пандэміі каронавіруса змагацца з сур’ёзнымі праблемамі”, - заўважыў біскуп Антуан Эруар, Папскі дэлегат для санктуарыя ў Лурдзе.

Санктуарый, як і сам Лурд, жывуць дзякуючы прыёму пілігрымаў. У гэтым годзе іх надзвычайна мала. Хоць ужо існуе магчымасць маліцца ля Грота Аб’яўленняў і сюды прыязджаюць паасобныя вернікі, аднак, у сувязі з пандэміяй, былі адменены ўсе вялікія пілігрымкі.

Штогадовая агульнанацыянальная пілігрымка ў Лурд сёлета таксама пройдзе са значнымі абмежаваннямі. У ёй не змогуць прыняць удзел хворыя і няпоўнаспраўныя. Духоўна далучыцца да св. Імшаў, працэсій са свечкамі і канферэнцый можна будзе дзякуючы прамым трансляцыям праз тэлебачанне і інтэрнэт.

Кардынал Пьетра Паралін наведае Лурд у якасці Дзяржсакратара Яго Святасці Папы ў трэці раз. У 2017 г. ён быў тут як легат Святога Айца на Сусветны дзень хворых, а ў 2018 г. прыняў удзел у міжнародным святкаванні ўспамін св. Францішка Сальскага, апекуна каталіцкіх СМІ, у якім прымалі ўдзел журналісты з розных краін свету.

 

08 ліпеня 2020, 11:00