Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы ЗША супраць вяртання смяротнага пакарання

Біскупы ЗША супраць аднаўлення выканання смяротнага пакарання на федэральным узроўні. У бліжэйшыя два месяцы вышэйшай мерай тут плануюць пакараць чатыры чалавека.

“Смяротнае пакаранне – непрымальнае. Яно супярэчыць Евангеллю і павазе да чалавечага жыцця”, - гаворыцца ў спецыяльнай заяве, падпісанай мансеньёрам Полам Коклеем, арцыбіскупам Аклахомы і старшынёй Камітэта па пытаннях нацыянальнай справядлівасці і чалавечага развіцця пры Канферэнцыі Біскупаў ЗША.

Іерарх нагадаў, што амерыканскія біскупы просяць аб адмене смяротнага пакарання ўжо на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Ён працытаваў заклікі супраць гэтай меры, якія скіроўвалі Ян Павел ІІ, Бэнэдыкт XVI і Францішак. Арцыбіскуп Коклей заўважыў, што па ініцыятыве Папы, у 2018 г. у Катэхізіс Каталіцкага Касцёла былі ўнесены змены, згодна з якімі смяротнае пакаранне было прызнана недапушчальным.

Паводле амерыканскага іерарха, “супрацьстаяць смяротнаму пакаранню не значыць быць “мяккімі” ў адносінах да злачынцаў, але моцнымі ў пытаннях годнасці чалавечага жыцця”. Арцыбіскуп звярнуўся да Генеральнага пракурора Вільяма Бара і Прэзідэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа з просьбай пакласці канец ужыванню смяротнага пакарання ў краіне.

Смяротнае пакаранне на федэральным узроўні ў ЗША не выкарыстоўваецца з 2003 г. Гэты мараторый, аднак, быў неафіцыйным. 15 чэрвеня было абвешчана аб планах пакараць смерцю ў ліпені і жніўні чатырох зняволеных, прысуджаных да вышэйшай меры, якія ўтрымліваюцца ў федэральных турмах. Цягам апошніх 17 гадоў смяротнае пакаранне выкарыстоўвалася ў ЗША толькі на ўзроўні ўладаў штатаў.
 

01 ліпеня 2020, 13:00