Пошук

Пажар у лясах Амазоніі. Ілюстрацыйнае фота Пажар у лясах Амазоніі. Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы пратэстуюць супраць злоўжыванняў буйных карпарацый

Палітыка павінна абавязаць транснацыянальныя карпарацыі паважаць правы чалавека і ахоўваць навакольнае асяроддзе, - гаворыцца ў спецыяльнай заяве каталіцкіх біскупаў з больш чым 30 краін свету.

Зварот, абнародаваны 6 ліпеня 2020 г. і падтрыманы Каталіцкай асацыяцыяй міжнароднага супрацоўніцтва ў мэтах развіцця і салідарнасці (CIDSE), быў падпісаны 110 біскупамі, у ліку якіх два кардыналы: Жан-Клод Олерыш, арцыбіскуп Люксембурга, і Чарльз Маунг Бо, арцыбіскуп Янгона з М’янмы.

У дакуменце гаворыцца, што крызіс, выкліканы пандэміяй, з’яўляецца нагодай для таго, каб пачаць справядлівыя перамены і даць пачатак новай эканамічнай сістэме. “Калі прадпрымальнікі садзейнічаюць забруджванню зямлі, паветра і грунтовых водаў, калі яны садзейнічаюць парушэнню правоў чалавека ці ўжыванню дзіцячай працы, яны павінны быць прыцягнуты да адказнасці”, - заўважыў, каментуючы зварот, арцыбіскуп Фрайбурга Штэфан Бургер, старшыня касцёльнай арганізацыі дапамогі развіццю “Misereor”.

Іерарх распавёў, што звярнуўся да ўладаў Германіі з заклікам прыняць адпаведныя законы ў краіне і падтрымаць міжнародныя ініцыятывы, у тым ліку на ўзроўні Еўрапейскага Саюза. Ён нагадаў, што важным выразам еўрапейскай адказнасці за агульнае дабро можа стаць, напрыклад, ініцыятыва па стварэнні ўстойлівых ланцугоў паставак, дзе стандарты вытворчасці тавараў будуць улічваць правы чалавека.

У сваёй заяве іерархі патрабуюць, каб крызіс, выкліканы каронавірусам, быў выкарыстаны як магчымасць для салідарнасці і абнаўлення эканамічных прынцыпаў у святле аховы экалогіі. Неабходна “пакончыць з сістэмай, арыентаванай толькі на прыбытак, і ментальнасцю адчужэння, звязанай з ёй”.

Біскупы звярнулі ўвагу на тое, што многія прадпрыемствы і карпарацыі эксплуатуюць людзей і навакольнае асяроддзе, ухіляюцца ад падаткаў, парушаюць правы чалавека, выкарыстоўваюць прымусовую працу і працу дзяцей. Акрамя таго, назіраюцца выпадкі крадзяжу зямлі, забойства праваабаронцаў, насілля, вырубкі лясоў. “Як біскупы мы адчуваем маральны і духоўны абавязак патрабаваць новага парадку прыярытэтаў падчас і пасля крызісу”, - сказаў арцыбіскуп Бургер.
 

07 ліпеня 2020, 12:21